Гімнастка Кацярына Галкіна. Перанесла аперацыю на сэрцы, каб застацца ў спорце
Дзяўчына расказвае “Байцоўскаму гену” пра выпрабаванні гімнастычнага памосту і чаму падчас аднаго з пералётаў “палова каманды плакала разам са сцюардэсай”...
Дзяўчына расказвае “Байцоўскаму гену” пра выпрабаванні гімнастычнага памосту і чаму падчас аднаго з пералётаў “палова каманды плакала разам са сцюардэсай”.
— Калі ў дзяцінстве глядзела мастацкую гімнастыку, то ля тэлевізара любіла паўтараць рухі за спартсменкамі. Таму, калі мне было пяць, паехалі з бацькамі на “Трудавыя рэзервы”, — згадвае Кацярына Галкіна сваё знаёмства са спортам. — Першае, што пабачылі, — заняткі па спартыўнай гімнастыцы. Паглядзелі з балкона — мне ўсё спадабалася, добра. Пайшлі на вахту, спыталіся, як прайсці ў залу. Сказалі: “Спускайцеся ўніз — і знойдзеце”. Спусціліся і пабачылі доўгі цёмны калідор. Каб трапіць у спартыўную гімнастыку, трэба было павярнуць направа. Мы гэтага не ведалі і пайшлі проста. Так гэты калідор і завёў мяне ў залу мастацкай гімнастыкі…
Мінчанку Кацярыну Галкіну называюць адным з лідараў нацыянальнай зборнай. Хоць выступаць на дарослым памосце яна пачала толькі ў 2013 годзе, сёння яна прызёрка чэмпіянатаў свету і Еўропы.
— Планаў, што я буду ў зборнай і траплю на чэмпіянат свету, не было. Мяне б ніхто не прымусіў, такі ўжо характар. Таму як нармальнае дзіця хадзіла ў школу ля дома. А пасля заняткаў з Паўднёвага Захаду праз увесь горад ездзілі на трэніроўку.
У падлеткавым узросце стала відавочна, што для Кацярыны мастацкая гімнастыка — гэта не жартачкі, і яна можа дасягнуць поспеху. Усё б так і было, але ў 14 гадоў жыццё паставіла перад дзяўчынай няпросты выбар.
Аперацыя
— У кожнага спартсмена здараюцца пераломныя моманты, калі хочацца ўсё кінуць: няма сілаў, не магу і ўсё. У кагосьці гэта звязана з траўмамі. Гэта мой выпадак, — расказвае Кацярына пра складаны момант у жыцці. — У 2011 годзе мне давялося рабіць аперацыю на сэрцы.
— Нішто сабе! Нядаўна на ўвесь свет паказалі сюжэт пра нямецкага футбаліста, у якога падчас матчу спынілася сэрца. А ён вярнуўся ў вялікі спорт, гуляе з дэфібрылятарам і нават забівае галы. І тут вы пра такое кажаце…
— Маю аперацыю рабілі наўмысна, каб магла працягнуць выступленні ў вялікім спорце. Нічога страшнага тады не здарылася. У сэрцы закрывалі клапан. Калі б праблему пакінулі так, як было, я не змагла б вытрымліваць цяжкія нагрузкі. Год прапусціла, пакуль узнаўлялася, набірала форму і ўвогуле ўсвядоміла, што я зноўку ў гімнастыцы. Блізкія людзі далі мне права выбару.
Увогуле гэта жыццё, і калі нешта здараецца, то для чагосьці. Калі нічога не адбываецца, так жыць сумна. Я шмат патраціла на спорт, і трэба было даводзіць справу да канца. Калі б я кінула, потым шкадавала б пра гэта. Мастацкая гімнастыка для мяне — гэта калі сапраўды атрымліваеш задавальненне ад справы, азарт.
“Медалёў мы прывозім шмат, але ведаюць нас пакуль мала”
І спартыўная, і мастацкая гімнастыка — безумоўна, знакавыя віды спорту для Беларусі. А паспрабуеце гэта аспрэчыць?
Легендарны Віталь Шчэрба, які таксама трэніраваўся ў сталічных “Трудавых рэзервах”, заваяваў шэсць залатых медалёў (!) падчас усяго толькі адной Алімпіяды ў Барселоне (справа была ў 1992 годзе).
Наша спартыўная гімнастка Вольга Корбут, 4-разовая алімпійская чэмпіёнка, паказвала настолькі рызыкоўныя практыкаванні, што іх выкананне на спаборніцтвах у выніку забаранілі. Амерыканцы звязваюць бум спартыўнай гімнастыкі ў ЗША з іменем беларускі.
Што да мастацкай гімнастыкі, дзе выступае Кацярына Галкіна, тут беларусы маюць алімпійскую чэмпіёнку Марыну Лобач. Справа была яшчэ за часамі СССР.
На няўдалай для нас лонданскай Алімпіядзе-2012 менавіта мастацкія гімнасткі шмат у чым уратавалі прэстыж усёй беларускай дэлегацыі, заваяваўшы срэбра і бронзу.
Аднак на Бацькаўшчыне ў нашых грацый не так і шмат фанатаў.
— Ці ёсць краіны, дзе вашаму віду спорту сапраўды надаецца ўвага?
— Напрыклад, Іспанія. Калі спаборніцтвы праводзяцца ў зале на 5000 гледачоў, яна будзе абавязкова запоўненая. Нават калі гэта не чэмпіянат, а проста гала-канцэрт. Пры гэтым людзі не проста сядзяць і ў далоні пляскаюць, а крычаць, падтрымліваюць. Вельмі прыемна там выступаць. У Італіі таксама любяць гімнастыку. Тое ж магу сказаць пра Японію. Такіх краін, паверце, хапае. У Беларусі мастацкая гімнастыка працягвае развівацца. На Алімпіядзе ў Пекіне (2008 год) срэбра ўзяла Іна Жукава. Праз чатыры гады ў Лондане бронзу заваявала Любоў Чаркашына. Медалёў мы прывозім шмат, але ведаюць нас пакуль мала.
— У вас шмат пералётаў і спаборніцтваў. Ці здараліся за мяжой нейкія экстрэмальныя інцыдэнты?
— Бывалі толькі моцныя турбулентнасці, калі здавалася: хутка ўпадзем. То правым крылом уніз, то левым. Апошнім разам па дарозе ў Більбаа людзі перада мной і жагналіся, і маліліся. Помню выпадак, калі ляцелі ў Ніжні Ноўгарад. Самалёт калаціла так, што плакала палова зборнай і нават сцюардэса.
Рэаліі мастацкай гімнастыкі: па восем гадзін у зале і бясконцыя дыеты
Калі футбаліст звычайна выдаткоўвае на трэніроўку 2-4 гадзіны, то нашы мастацкія гімнасткі праводзяць у зале не менш за восем. І так з панядзелка да пятніцы. У суботу дзяўчаты праводзяць адну 4-гадзінную трэніроўку, а ў нядзелю нарэшце адпачываюць. Пры гэтым мастацкія гімнасткі надаюць асаблівую ўвагу дыеце.
— Калі набіраюцца лішнія кілаграмы, цэнтр цяжару можа зрушыцца — і элемент не атрымаецца. Могуць здарацца траўмы. Таму трэба няспынна за сабой сачыць, — канстатуе Кацярына Галкіна. — Дыета — гэта балючае пытанне. Нехта перастае есці пасля шостай, нехта — пасля чацвёртай. Нехта дзякуючы сваёй канстытуцыі можа есці ўвесь час. Але ўсе сочаць за вагой і выглядам. Гэта першае, на што звяртаюць увагу гледачы, гэта важна для суддзяў.
— То бок у панкухі з татуіроўкамі мала шанцаў перамагчы на Алімпіядзе?
— З такімі саперніцамі я яшчэ не сутыкалася.
— Выходзіць, такія дзяўчаты, як вы, цалкам кладуць жыццё на алтар мастацкай гімнастыкі. І вось настае час для адказных спаборніцтваў. Ці моцна вы хвалюецеся перад стартамі?
— Унутры можа такое адбывацца! А на выгляд не скажаш. Звычайна я сама гэты стан пераадольваю. Рэдка такое здараецца, што не магу супакоіцца і іду да сябровак па камандзе альбо трэнераў па дапамогу.
P.S. Жыўцом паглядзець на выступы з удзелам Кацярыны Галкінай можна будзе ў Мінску ў канцы красавіка. Сталіца прыме чэмпіянат Еўропы. Увесь перадалімпійскі 2015 год будзе насычаным. У чэрвені ў Баку пройдуць першыя ў гісторыі Еўрапейскія гульні. А ў пачатку верасня распачнецца чэмпіянат свету. Апроч гэтага нашы дзяўчаты будуць рэгулярна выступаць на разнастайных кубках і Гран-пры. Дык падтрымайма ж нашых слаўных і мужных гімнастак!
|
“Байцоўскі ген” — праект кампаніі “Будзьма беларусамі!”, мэта якога — пазнаёміць грамадства з нашымі выбітнымі спартоўцамі! Часта іх лепш ведаюць за мяжой, чым дома. А яны зазвычай маюць унікальныя лёсы, пра якія варта ведаць. Яны — носьбіты беларускага байцоўскага гену — гатовыя зацята біцца за гонар краіны і кожнага беларуса. Знаёмцеся бліжэй, ганарыцеся імі, заўзейце за нашых! |
Фота Аляксандра Tarantino Ждановіча
Обсудим?