Другие материалы рубрики «Туризм»

  1. Белорусский экотуризм: природа живая и мертвая
    В Беларуси планируют активнее развивать экологический туризм, но отказываться от денег, которые привозят в страну иностранные охотники, тоже не собираются.
  2. «Отдых-2016». Топ-5 экзотических туров из Беларуси
    6 апреля в Минске открылась традиционная международная ярмарка туристских услуг «Отдых-2016». Naviny.by побывали на ярмарке и нашли самые необычные туры и направления.


Туризм

Каб «кожная даярка» магла злятаць у Еўропу

 

3 лістапада ў 19:30 у мінскай галерэі сучаснага мастацтва «Ў» адбудзецца прэзентацыя «Падарожнага дапаможніка».

«Падарожны дапаможнік» — абсалютна новы для Беларусі праект, прысвечаны ўсім, хто не баіцца прыгодаў і адкрыты для новага, — тлумачаць аўтары. — Нашая мэта — адкрыць беларусам Еўропу, даць адказы на пытанні, якія больш за ўсе хвалююць патэнцыйных падарожнікаў і часта з’яўляюцца галоўнай перашкодай на іх шляху. Як зрабіць візу? Як танна падарожнічаць? Як не трапіць у авантуру? Дзе трэба абавязкова пабываць беларусу? Як паступіць у еўрапейскі ўніверсітэт?».

На прэзентацыі выступяць не толькі аўтары кнігі, але і музыканты: панк-гурт Amaroka і спявачка Паліна Паланейчык, якая атрымала Гран-пры фестывалю «Бардаўская восень-2011». Таксама адбудзецца прэзентацыя DVD-дыска з кліпамі ад рэп-спявака Vinsenta. Уваход вольны, да таго ж усе госці атрымаюць кнігі ў падарунак.

«Ідэя выдання такога дапаможніка доўгі час лётала ў паветры, — распавёў Naviny.by аўтар праекту Франак Вячорка. — За апошнія 17 гадоў паміж Беларуссю і Еўрасаюзам вырасла «кітайская сцяна». Людзям свядомым, якія ўжо ездзілі ў ЕС, якія там вучацца, пераехаць адрэзак Брэст-Цярэспаль вельмі проста і хутка. Але шмат тых, для каго Польшча — тое ж самае, што Аўстралія ці Бразілія. Напрыклад, са мной служыў хлопец, які і ў Мінску быў толькі двойчы. І ў нашай кнізе мы на пальцах патлумачылі, як выбрацца ў такі блізкі далёкі свет, як Еўропа, хутка і танна — каб кожная даярка, як кажа Лукашэнка, ведала, што падарожжа ў Еўропу перастала быць нечым дарагім, працаёмкім і доўгатэрміновым».

Адказваючы на пытанне, на якую частку грамадства і з якой мэтай рабіўся дапаможнік, Вячорка заўважыў:

«Ён створаны для таго, каб скараціць прорву паміж людзьмі дасведчанымі і інфармаванымі ў плане падарожжаў і людзьмі абыякавымі, у тым ліку да падарожжаў. Для апошняй групы насельніцтва няма ніякай альтэрнатывы — яны складаюць уяўленне пра навакольны свет па перадачах на дзяржаўным тэлебачанні. Мы ім прапануем выключыць тэлевізар, выйсці ў інтэрнэт, вырашыць хутка візава-арганізацыйныя пытанні, выдзяліць невялікую частку свайго заробку, і пачаць вандроўкі хаця бы з паездкі ў Вільнюс».

«Праца над кніжкай пачалася гэтай вясной, калі сабралася рэдкалегія з беларускай моладзі, якая займаецца і падарожжамі аўтастопам, і экзатычным турызмам, і вандроўкамі «дзікуном»,
— распавёў Франак Вячорка. — Мы знайшлі спонсараў — Польскую Фундацыю імя Роберта Шумана, якая без усялякай выгоды для сабе дапамагла нам выдаць такую поўнакаляровую цудоўную кнігу. Рэдактарам стала Юлія Чорная, выпускніца журфаку БДУ, якая зараз жыве у Даніі і як ніхто лепей ведае рэаліі замежнага жыцця. Іншыя аўтары таксама, так бы мовіць, займаюцца вандроўкамі пастаянна. Напрыклад, Сцяпан Свідзерскі, які навучаецца ў Гданьску і цікавіцца беларускай гісторыяй, напісаў раздзел пра беларускія мясціны ў Еўропе».

Дапаможнік выдадзены накладам ў 5 тысяч асобнікаў і будзе распаўсюджвацца бясплатна. Кожны жадаючы атрымаць кнігу можна замовіць яе праз электронны адрас [email protected] .  

У змесце дапаможніка — і раздзел пра атрыманне візы, і пра валанцёрства ў Еўропе, і пра навучанне ў ЕС, а таксама пра вандроўкі аўтастопам і нават экзатычныя паездкі, напрыклад, сэкс-турызм.

«У кнізе мы аналізуем розныя варыянты атрымання шэнгенскай візы, а таксама нацыянальных польскай і літоўскай. Мы паказваем, што шэнгенская віза за тры дні — гэта проста, — кажа Вячорка. — Доўгія тэрміны чакання сваёй чаргі на атрыманне візы — па сутнасці фармальнасць, бо візавае пытанне індывідуальна вырашае консул. І калі патрэбен тэрміновы выезд, чалавек не абавязаны стаяць у чарзе па паўтара месяцы. У нашых людзей існуе стэрэатып пра тое, што каб атрымаць візу трэба мець нейкі блат альбо заплаціць 500 долараў турфірме. Але гэта вялікая памылка. Дастаткова забраніраваць гатэль, напрыклад, у Вільнюсе на тры дні, можна выбраць самы танны, гатэль вышле вам запрашэнне, з якім можна будзе зрабіць літоўскую нацыянальную альбо нават шэнгенскую візу».

Вячорка нагадаў пра тое, што як раз у Вільнюсе дзейнічаюць тры буйныя лоукост-кампаніі, дзякуючы якім, напрыклад, «у Германію можна даляцець за 5 еўра, у Іспанію — за 15».

«Таксама мы раім карыстацца сацыяльнымі сеткамі, знаходзіць там сяброў, якія могуць выслаць вам запрашэнне для візы, у якіх таксама можна было б спыніцца пад час падарожжа», — дадае ён.

Ёсць у «Падарожным дапаможніку» і раздзел, прысвечаны беларускім мясцінам у Еўропе: «Мы спецыяльна не пісалі ў ім пра Вільнюс і Беласточчыну, бо там вельмі шмат звязаных з нашай краінай мясцінаў. Мы ўзяліся за больш далёкую Еўропу: пачалі з Гданьска, дзе было шмат беларускіх эмігрантаў, прайшліся дарогай Францыска Скарыны — гэта і Прага, і Падуя. Узгадалі мы нават Лондан. З ім, як шмат хто лічыць, Беларусь нічога не звязвае, але там ёсць цэлы беларускі квартал з беларускай уніяцкай царквой, з вялізарнай беларускай бібліятэкай».

Як заўважыў Франак Вячорка, беларусы — ня надта актыўныя падарожнікі: «Беларусы сядзяць, умоўна кажучы, у лесе і будуць сядзець. Бо вельмі прывязаны да сваёй зямлі, сваёй мясцовасці. Але у той жа час адбываюцца сусветныя працэсы, адбываецца глабалізацыя, якая рана ці позна закране і беларускае грамадства. І лепей быць да гэтага падрыхтаванымі».

«У першую чаргу павінны актыўна падарожнічаць маладыя людзі, —
лічыць ён. — Каб новае пакаленне, якое насіла значкі БРСМ і піянерскія гальштукі, мела здаровае ўяўленне пра Еўропу. Каб яны, калі гэты рэжым скончыцца, ведалі, куды ісці, а не боўталіся ў няўпэўненасці».

Оценить материал:
Tweet

Ваш комментарий

Регистрация

В настоящее время комментариев к этому материалу нет.
Вы можете стать первым, разместив свой комментарий в форме слева