Павел Севярынец. ФЕНАМЕНАЛОГІЯ БЕЛАРУСІ. Інтэлігентнасць
Беларускія інтэлігенты — гэта паэт Максім Багдановіч, пісьменьнік Алесь Адамовіч, палітык Станіслаў Шушкевіч.
Павел СЕВЯРЫНЕЦ
Нарадзіўся 30 снежня 1976 г. у Воршы. У 2000-м скончыў БДУ, атрымаўшы дыплом інжынера-геолага. У 1997-2004 гг. — заснавальнік і кіраўнік “Маладога фронту”. З 2005-га — сустаршыня “Беларускай Хрысціянскай Дэмакратыі”. Больш за 5 гадоў правёў у турмах, на “сутках” ды ў ссылках па палітычных прысудах. Заснавальнік асветніцкіх праектаў “Курсы дыджэяў Адраджэння” і “Шоў беларушчыны”, серыі музычных альбомаў “Беларускі Хрысціянскі Хіт”. Аўтар кнігаў “Дыджэй Адраджэння”, “Пакаленне Маладога Фронту”, “Брату”, “Люблю Беларусь”, “Лісты з лесу”, “Беларуская глыбіня”. Лаўрэат літаратурных прэміяў імя Алеся Адамовіча і Францішка Аляхновіча, прэміі “За свабоду думкі” імя Васіля Быкава. Жанаты з Воляй Севярынец. Хрысціянін.
«Беларусы — натуры тонкія й інтэлігентныя» — са знаўствам кажуць дзеячы расійскай культуры. «Беларусь — гэта 10 мільёнаў інтэлігентаў» — падтакваюць дзеячы культуры польскай.
Беларуская інтэлігентнасць — нацыянальны феномен, у якім крышталізуюцца і псіхалогія, і місія, і ментальнасць. Прыроджаная сціпласць і далікатнасць, ветласць і талеранцыя, стрыманасць і ўзнёсласць, засяроджаная натхнёнасць і адухоўленасць — усе гэтыя глыбока беларускія якасці характарызуюць універсальны ідэал інтэлігента.
Беларускія інтэлігенты — гэта паэт Максім Багдановіч, пісьменьнік Алесь Адамовіч, палітык Станіслаў Шушкевіч.
Беларуская інтэлігентнасць — гэта культура слова і кнігацэнтрычнасць, паліглоцтва міжмоўя, вечнае вершаванне, спеўнасць і лірычнасць, альтруізм і рэфлексія, мяккасць і цярплівасць.
Беларуская інтэлігентнасць — гэта ўнікальнае пачуццё кампрамісу.
Беларуская інтэлігенцыя — носьбіт нацыянальнай культуры: «Носяцца тут са сваёй культурай!..»
Беларусам агідныя гвалт і хамства, грубасць і пыха. Для закамплексаваных і вечна пакрыўджаных гэта слабасць, для вольных і мудрых — сіла. Сярод беларусаў звычайны, нават тыповы гэткі вінаваты выраз твару. Што ж, сапраўдны інтэлігент заўжды адчувае сваю віну за ўсё, што адбываецца. Бо беларускі інтэлігент — ня той, хто перагрызе горла за Беларусь, а той, хто дзеля Беларусі дасць перагрызці горла сабе.
Інтэлігентнасць заключаецца ў самім беларускім народзе. Яна дадзеная Госпадам Богам у хрысціянскай сутнасці нацыянальнай ідэі. Менавіта беларуская інтэлігентнасць пераўтварала Расею й Польшчу, прасвятляла Украіну й Прыбалтыку, мірна суіснавала з юдэйскай і мусульманскай традыцыямі, дазваляла ўспрымаць чужыя культуры на стыку Захаду й Усходу, сінтэзуючы духоўнасць у сумежжы цывілізацыяў — і аддаваць усё лепшае іншым.
Беларусы — інтэлігентны народ. Нягледзячы на сённяшнюю саўковую калгаснасць, тысячагадовая Беларусь глыбока інтэлігентная. Таму нават пасьля знішчальных войнаў, акупацыяў, там, дзе іншым нацыям патрабаваліся дынастыі і стагоддзі спадчыннае арыстакратыі, Беларусь нараджала новую хвалю эліты з адным пакаленнем.
Інтэлігенцыя — заўсёдны вораг імпэрыяў і дыктатураў. Якраз іх, адукаваных, творчых, паэтычных, імкнуліся фізічна вынішчыць у першую чаргу. Курапаты і Трасцянцы адсюль — ад імкнення пазбавіць гэты народ душы й сумлення. Марна. З'яўленні новай інтэлігенцыі ў нашаніўскае плыні, беларусізацыі 1920-х, у БНФ канца XX ст — адраджалі Беларусь з настойлівасцю жыцця, якое верыць, любіць і ведае сваю мэту.
Суцэльная інтэлігентнасць — гэта каласальны патэнцыял нацыі. Для народа, які мае гены інтэлігентнасьці, магчымае і небывалае абуджэнне, і сусветная культурная экспансія, і поўнае пераўтварэнне правінцыйнай падбітасці ды еўрапейскага сытага застою ў веліч духоўнага жыцця.
Таму беларускай інтэлігенцыі мала толькі заставацца інтэлігенцыяй. Мала скрышталізавацца ў эліту. Пара рабіцца чымсці большым. Сэрцам. Душою. Сумленнем. Паўнавартасным бел-чырвона-белым колерам нацыі.
Бо беларуская інтэлігентнасць, як і еўрапейскасць, як і сама культура — гэта вечнае імкненне да вышыняў. Тых, дзе ўсё прасцей і ясней: дзе інтэлект ператвараецца ў мудрасць, мары — у надзею, далікатнасць — у любоў, інтуіцыя — у веру, а сама інтэлігентнасць — у праведнасць.
З кнігі “Люблю Беларусь”
Мнения колумнистов могут не совпадать с мнением редакции. Приглашаем читателей обсуждать статьи на форуме, предлагать для участия в проекте новых авторов или собственные «Мнения». |
Обсудим?