Павел Севярынец. СТАГОДДЗЕ БХД. Хрысціянская дэмакратыя ў ВКЛ

Павел СЕВЯРЫНЕЦ

Павел СЕВЯРЫНЕЦ

Нарадзіўся 30 снежня 1976 г. у Воршы. У 2000-м скончыў БДУ, атрымаўшы дыплом інжынера-геолага. У 1997-2004 гг. — заснавальнік і кіраўнік “Маладога фронту”. З 2005-га — сустаршыня “Беларускай Хрысціянскай Дэмакратыі”. Больш за 5 гадоў правёў у турмах, на “сутках” ды ў ссылках па палітычных прысудах. Заснавальнік асветніцкіх праектаў “Курсы дыджэяў Адраджэння” і “Шоў беларушчыны”, серыі музычных альбомаў “Беларускі Хрысціянскі Хіт”. Аўтар кнігаў “Дыджэй Адраджэння”, “Пакаленне Маладога Фронту”, “Брату”, “Люблю Беларусь”, “Лісты з лесу”, “Беларуская глыбіня”. Лаўрэат літаратурных прэміяў імя Алеся Адамовіча і Францішка Аляхновіча, прэміі “За свабоду думкі” імя Васіля Быкава. Жанаты з Воляй Севярынец. Хрысціянін.

Адной з найбольш яскравых з’яваў спалучэння хрысціянства і дэмакратыі ў ВКЛ была магутная традыцыя мясцовага самакіравання. Тое, што тэарэтыкі хрысціянскай дэмакратыі потым назавуць субсідыярнасцю, працавала на поўную моц у ВКЛ 15-17 стст.

Гэтак, пачынаючы з канца 14 ст., 60 гарадоў і мястэчак краіны атрымалі Магдэбурскае права. Практычна ўсе вялікія беларускія гарады — Берасце, Менск, Віцебск, Гародня, Полацк, Слуцк, Магілёў, Барысаў, Мазыр, Пінск, Наваградак, Рэчыца, Слонім, Ліда, Ворша, Кобрын, Пружаны, Ваўкавыск, Мсціслаў ды іншыя — кіраваліся выбарным магістратам, падзеленым на Раду (разглядала цывільныя ды маёмасныя справы) і Лаву (крымінальныя справы).

У практычнае жыццё ўвасабляўся дыстрыбутызм, калі гаспадарчая дзейнасць віравала вакол сем’яў, цэхаў і невялікіх мясцовых супольнасцяў.

Характэрнае сведчанне спелай дэмакратыі і хрысціянскага трыадзінства: у многіх беларускіх гарадах таго часу пасаду бургамістра займалі паводле ратацыі праваслаўныя ды каталікі, а ў асобных гарадох — і пратэстанты. Львіную долю сябраў магістрату складалі духоўныя асобы, кіраўнікі парафіяльных радаў, брацтваў, казаннікі ды дыяканы. Прысутнасць іншых святароў і іерархаў як гарантаў хрысціянскай маральнасці ды сумленнасці на паседжаннях разглядалася як цалкам натуральная, а часам нават і абавязковая. Публічнай прысягай выбранага лаўніка было цалаванне крыжу.

Своеасаблівыя палітычныя партыі на месцах стваралі каталіцкія ордэны (езуіты, францішкане, бернардыны, піяры, кармеліты, бенедыктынцы, дамінікане, капуцыны ды іншыя), грэка-каталікі (базыльяне), праваслаўныя брацтвы, евангельскія зборы (кальвіны, лютаране).

Аснову для шляхецкай хрысціянскай дэмакратыі забяспечваў Статут — адзін з найбольш дасканалых праўных кодэксаў еўрапейскага Новага часу. Найважнейшай крыніцай права Статут сцвярджаў Біблію.

“Глядзіце, што павінны рабіць, бо не тварыце суда чалавечага, але суд Божы, і Ён з вамі ў справе суду. Няхай будзе ў вас страх Гасподні заўсёды: здзяйсняйце ўсё чыстасардэчна, бо няма ў Госпада Бога нашага няпраўды, ані ўвагі на асобы, ані пажадання дароў”. (Другая кніга Летапісаў, 19:6-7). “Правам судзіце, сыны чалавечыя”. (Псалмы, 57:2). Гэта цытаты з тытульнага аркуша Статуту Вялікага княства Літоўскага 1588 года.

Знакаміты Статут ВКЛ быў перадавым законам дэмакратыі тых часоў. У адпаведнасці з галоўным дэмакратычным прынцыпам, Статут ВКЛ усталёўваў падзел уладаў на: заканадаўчую — Сойм; выканаўчую — Вялікага князя й яго адміністрацыю; судовую — трыбунал ВКЛ, земскія й падкаморскія суды, выбарныя й незалежныя ад уладаў. Статут ВКЛ вызначаў вядучую ролю самакіравання ў вырашэнні мясцовых праблемаў.

Канстытуцыйная манархія Статуту ВКЛ мела хрысціянска-дэмакратычны характар — ідэальны лад для Беларусі. Статут ВКЛ быў законам талеранцыі. Правы вернікаў усіх канфесіяў ураўноўваліся адмысловым артыкулам. Увесь Статут літаральна дыхаў хрысціянскай узаемапавагай. У часы інквізіцыі на Захадзе і страшных караў для іншаверцаў у Маскве Беларусь, дабраславёная тэрыторыя Статуту, стала прыстанкам для прапаведнікаў з усяе Еўропы.

 

 

З кнігі “Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя: 1917-2017”

 

Працяг будзе

 

Меркаванні калумністаў могуць не супадаць з меркаваннем рэдакцыі. 
Запрашаем чытачоў абмяркоўваць артыкулы на форуме, прапаноўваць для ўдзелу ў праекце новых аўтараў або ўласныя матэрыялы.