«Такая страшная зброя». У Верайцах грузяць расійскую баявую тэхніку
Эшалоны з расійскімі танкамі выправіліся на радзіму і з вузлавой станцыі Верайцы, што за дзесяць кіламетраў ад Асіповічаў.
Маленькая вайна «Захад-2017» завершана. Расійскую баявую тэхніку вывозяць на месцы дыслакацыі. Выглядае, што да 30 верасня вайсковы кантынгент суседняй краіны, як і абяцалася, Беларусь пакіне.
Простая беларуская праўда
Эшалоны з расійскімі танкамі выправіліся на радзіму і з вузлавой станцыі Верайцы, што за дзесяць кіламетраў ад Асіповічаў. Назіраць за пагрузкай тэхнікі давялося і карэспандэнту БелаПАН
Пабачыўшы хвост першага адыходзячага саставу, наладаванага 32 адзінкамі гусенічных машын, я заспеў сябе на думцы, што адчуваю добра забыты подых дзембеля, а сваю 12-гадзінную журналісцкую вахту на станцыі ўспрымаю як дзембельскі акорд. Я ўдосталь нагаварыўся на станцыі з суайчыннікамі і расійскімі салдатамі.
Сустракаючы на станцыі электрычкі, я да стомы ўглядаўся ў твары тых, хто выходзіў з вагонаў. Высільваўся ўгадаць, пра што яны думаюць, пабачыўшы немалую колькасць чужой баявой тэхнікі. Мінакі ж, былі, здавалася, зусім абыякавыя да таго, што станцыя застаўленая танкамі ды БТРамі.
Маладыя людзі, здаецца, ахвотныя фатаграфаваць усё і ўсюды, апусціўшы вочы, чамусьці і не думалі рабіць модныя сэлфі на фоне танкаў.
«Ага, а як стрэліць?» — адрэагаваў на пытанне журналіста, чаму моладзь не пакідае на памяць фотак з расейскай тэхнікай, смялейшы з юначай кагорты.
Словы хлопца, як мне падалося, неслі глыбока прыхаваную беларускую праўду. Танкі, казала яна мне, увасабленне ўладнасці, спусташэння ды гвалту, а ўсяго гэтага беларусы, у бальшыні сваёй, панічна баяцца. Таму, чулася мне, танкі лепей не заўважаць.
«Вайна пад стрэхамі»
Людзям сталага веку танкі ў Верайцах нагадалі пра часы, якім дзяржаўная ідэалогія надае пафаснае пераможнае гучанне. Для тых жа, хто правёў чатыры гады пад акупацыяй, праўда таго часу ўвасобленая ў простай формуле, якую вывеў Алесь Адамовіч — «Вайна пад стрэхамі».
Старыя падоўгу не разважалі над пытаннем, што яны адчувалі, калі пад іхнымі хатамі зараўлі маторы баявой тэхнікі. Яны адразу прыгадвалі тое, што ім давялося перажыць болей за семдзесят год таму.
«У хаце было вусцішна. Ад рову тэхнікі тросся дом. Думала, разваліцца па бервяну. Прыгадалася вайна», — дзялілася ўражаннямі наезду калоны танкаў адна з жыхарак Верайцоў, якая ў маленстве зведала горкую праўду акупацыі.
«І тады, і цяпер такая страшная зброя, — казала кабета, ківаючы на танкі. — Колькі сілаў трэба ўкласці, каб гаспадарку на ногі паставіць, а адзін стрэл — і няма яе».
У далечыні ад «вайны» развагі беларусаў напоўненыя мілітарысцкай рыторыкай. Побач жа з танкамі акцэнты мяняюцца. На месца не ўласцівай беларусу агрэсіі прыходзіць яго прыродная сцішаная абачлівасць.
Відаць таму, падумалася пасля гутаркі з юнаком і кабетаю, абачлівая беларуская перасцярога і не дазволіла запаланіць сацыяльныя сеткі фоткамі з танкамі. Відаць таму, пакуль у Беларусі была «маленькая вайна», танкі ў сацыяльных сетках замянілі кашы з грыбамі. Відаць таму, нягледзячы на наяўнасць сярод сцэнарыяў развіцця сітуацыі з манеўрамі таго, які мог стаць для Беларусі фатальным, не паўстаў народны рух, які б выпільноўваў перасоўванні па краіне войска суседняй няхай і саюзнай дзяржавы. Відаць таму «маленькая вайна» пад назвай «Захад-2017» засталася не заўважанай і многімі незразумелай.
Крыўда расейца
Расійская вайсковая тэхніка не ўразіла. Аглядаючы яе, думалася, што яна або з кансервацыі, або неўзабаве будзе закансерваванай. Пагрузка нагадвала «эвакуацыю». Складвалася ўражанне, што расійцам нагадалі, каб яны найхутчэй пакінулі беларускі палігон.
Салдаты, наладаваўшы БТРамі першы эшалон, узяліся за другі. На другім болей было танкаў. Вайскоўцы без асаблівага энтузіязму рабілі сваю справу. У іхных рухах адчувалася стома. Салдацкай зладжанасці было не ўгледзець. Ад платформаў даносіліся вокрыкі загадаў і мацюкоў. Пляцоўку, застаўленай тэхнікай, пільнавала вайсковая паліцыя.
Замежнікі ў перапынках бегалі ў вясковую краму. З яе неслі слодыч, курава, ваду. Я не заўважыў, каб хоць нехта з цывільных на пероне паспрабаваў загаварыць з салдатамі. Іх проста стараліся не заўважаць.
Гутарыць з журналістам на дыктафон расійскія вайскоўцы наадрэз адмаўляліся. У прыватных гутарках не хавалі, што стаміліся і што ім найхутчэй хочацца на радзіму. Хвалілі беларусаў за гасціннасць і міралюбнасць. Казалі, што хацелі б яшчэ наведаць Беларусь, бо няшмат у ёй паспелі пабачыць. За час свайго побыту іх арганізавана звазілі толькі на лінію Сталіна.
Расейцаў уразілі тутэйшыя крамы з выбарам тавараў. Яны адзначалі, што ў Беларусі адчуваецца блізкасць Еўропы. Дзівіліся на цягнікі, выгляд якіх, казалі салдаты, быў як у Еўропе. Аднаго з вайскоўцаў уразіла гаворка беларусаў. Ён так і не зразумеў, на якой жа мове тутэйшыя гавораць.
«А што, было б кепскага, каб мы тут засталіся?» — адрэагаваў адзін з салдат на згадку журналіста, што нямала беларусаў непакоілася, ці пакінуць расійскія вайскоўцы Беларусь.
Ён не стаў тлумачыць сэнс сваіх словаў, але падалося, што яму ўжо даводзілася адказваць на падобнае пытанне, ці, прынамсі чуць яго. Прамоўлена фраза была без агрэсіі і варожасці. У ёй хутчэй чулася крыўда на беларусаў за іх залішнюю падазронасць.
Стомленасць ад манеўраў
Як і мінулым разам, калі рабіў рэпартаж с Асіповіцкага палігону, не ўдалося пазбегнуць інцыдэнту з праваахоўнікамі. Участковы звярнуў на мяне ўвагу, калі я шукаў суразмоўцаў на станцыйным пасёлку, каб тыя апавялі, як ім жылося, пакуль пад бокам праходзілі вучэнні.
Як высветлілася, на думку міліцыянта, беларускі журналіст і расійская баявая тэхніка — рэчы не сумяшчальная. А намер фатаграфаваць танкі разглядаецца як патэнцыйнае правапарушэнне.
Паколькі спаслацца на нейкі заканадаўчы акт участковы не змог, то аргументаваў свае прэтэнзіі неабходнасцю спраўдзіць асобу журналіста. Пашпарт і пасведчанне, як выглядала, яго не задаволілі. Малады лейтэнант патэлефанаваў начальству, і тое даслала па журналіста службовую машыну.
Падмога чамусьці доўга разважала, ці весці «затрыманага» у Асіповіцкі райаддзел міліцыі. Калі ж прывезла, то перад журналістам выбачыліся. Сказалі, што ён можа фатаграфаваць вайсковую тэхніку без адмысловага дазволу. Такім чынам асіповіцкая міліцыя «легалізавала» маё знаходжанне на станцыі. Наступныя гадзіны станцыя была «маёй».
Інцыдэнт у Верайцах я спісаў на агульную стомленасць ад вучэнняў. Яны выматалі ўсіх, хто быў ангажаваны ў гэтую «маленькую вайну». Адсюль нервознасць і падазронасць. З’яўленне ж журналіста на месцы пагрузкі тэхнікі для міліцыі стала неардынарнай сітуацыяй. У ёй, аднак, няма ні герояў, ні антыгерояў. Усе спрабавалі выканаць сваю работу…
Обсудим?