Пробны перапіс у Маладзечне: беларусы не змогуць адказаць “я родам з Нарніі”

2 кастрычніка пачаўся пробны перапіс насельніцтва, які праводзяць у некаторых мікрараёнах Маладзечна і населеных пунктах раёна.

 

 

Перапіс ў Маладзечне праводзяць работнікі галоўных упраўленняў Нацыянальнага статыстычнага камітэта па абласцях і Мінску, а таксама мясцовыя спецыялісты. Цягам двух тыдняў яны будуць жыць у Маладзечне і працаваць у рэжыме ад 9 да 21 з перапынкамі на абед і адпачынак.

Маладзечна абралі месцам тэставання як тыповы райцэнтр, у якім сабрана ўсё тое, што сустракаецца ў іншых гарадах: новыя і старыя мікрараёны, прыватныя дамы ў горадзе і адразу за ім, катэджныя забудовы. Перад мінулым перапісам пробны прабодзілі таксама тут.

 

Планшэт — гэта эканомія

Адна з мэтаў сёлетняй перапісной кампаніі — апрабацыя планшэтаў замест традыцыйных папяровых бланкаў з пытаннямі. У асноўным перапісчыкі маюць гаджэты з памерам экрана на 7 ці 10 цаляў.

“Планшэт пры перапісу — гэта эканомія, як бы дзіўна гэта не гучала — распавядае начальнік арганізацыі і правядзення перапісу насельніцтва Нацыянальнага статыстычнага камітэта Антон Мучкоўскі. — На самой справе праца з бланкамі, іх транспарціроўка, а пасля распазнанне — гэта вельмі дорага. Што ўжо казаць пра тое, наколькі прасцей і зручней самому перапісчыку. Акрамя таго, у планшэтах убудаваная праграма за дадатковай сістэмай кантролю. І цяпер варыянты адказаў з серыі "нарадзіўся ў Нарніі" абмінуць яе не змогуць”.

Апытаць аднаго чалавека можна паспець за 3-4 хвіліны. Але калі рэспандэнт распавядае пра сям'ю, гэта займае больш часу. Напрыклад, пра сям'ю з чатырох чалавек распавядаюць каля 15 хвілін.

Бланк пытанняў на чалавека складаецца з 26 асноўных пытанняў і некалькіх дадатковых. Ёсць яшчэ бланк пытанняў па жылым памяшканні з 8 пытанняў, па сельскагаспадарчым участку на 5 пытанняў, і пра замежных гасцей — з 8. Паглядзець бланкі магчыма на сайце Белстата.

Акрамя планшэтаў перапісчыкі носяць і папяровыя бланкі. Часам сустракаюцца людзі, якія адмаўляюць, каб звесткі пра іх запісвалі ў тэхнічныя сродкі.

“Ёсць населеныя пункты, жыхары якіх па рэлігійных прычынах адмаўляюцца карыстацца любымі гаджэтамі. Яны вядуць такі лад жыцця, і, наколькі мне вядома, нават адмовіліся ад пашпартаў. Да іх прыязджалі людзі, якім жыхары давяралі, і задавалі свае пытанні, запісваючы, вядома, на паперы”, — адзначае Антон Мучкоўскі.

 

Пасля перапісу планшэты аддадуць “хуткай”

У першы дзень перапісу рэспандэнты добразычліва ставіліся да апытання, ахвотна адказвалі на пытанні. Звесткі перапісчыкі запісваюць са словаў рэспандэнтаў, таму калі чалавек не хоча раскрываць нейкую інфармацыі, на яго не павінны ціснуць.

Ацаніць рэакцыю рэспандэнтаў, пралічыць нагрузку на перапісчыка — такія мэты таксама стаяць перад пробным перапісам. Па яго выніках будуць распрацаваныя методыкі, як праводзіць агульны перапіс, запланаваны на кастрычнік 2019 года.

На ім будуць працаваць каля 15 000 чалавек, забяспечаных планшэтамі. Пасля кампаніі частку планшэтаў пакінуць для наступных даследаванняў, а большую частку перададуць Міністэрству аховы здароўя. Яно рыхтуе новы праект па забеспячэнні дактароў хуткай дапамогі планшэтамі, каб яны маглі на выкліках атрымаць доступ да электроннай медыцынскай карты хворага.

Звесткі, атрыманыя дзякуючы перапісу, будуць неабходныя для стварэння сацыяльна-эканамічных і дэмаграфічных прагнозаў, на іх аснове змогуць ствараць даследаванні інстытуты і Акадэмія навук, а бізнесмены змогуць атрымаць вычарпальную інфармацыю пра меркаваную аўдыторыю.