Алена Германовіч. ВЕПРУКІ І МАСТАКІ. Вар\'яты нішчаць нашы вёскі

Я смяялася і плакала, калі чытала тыя новыя нормы. Свінню належыць утрымліваць у хляве пры 14-16 градусах цяпла, каня ж — пры 6-8, казу — пры 3-6...

 

Алена Германович

Алена Германовіч. Нарадзілася днём 23 сакавіка 1978 года. Праз месяц, у тры гадзіны ночы, мяне ў беспрытомным стане па прычыне немаўляцкага ўзросту і ў строгай сакрэтнасці ахрысцілі. Хроснымі выступілі член Камуністычнай партыі, дырэктар школы і першы сакратар райкама камсамола, што і вызначыла маю будучыню. Не, я не стала камуністам — партыя развалілася, не стала святаром — па прычыне іншага полу. Але люблю тэатр, экстрым і літаратуру. А, вось яшчэ — я ўласны карэспандэнт БелаПАН па Гомельскай вобласці.

Я магла б быць жонкай мастака! Я была б яго музай, ён маляваў бы мае партрэты, а на замежных выставах у крутых галерэях я бы падкрэслена-сціпла стаяла каля яго злева, слухала б яго прамовы, кшталту «Усім, што я маю — я абавязаны сваёй жонцы! Ёй і прысвячаю дадзеную выставу!». Я бы канфузілася, апускала б вочы долу і чырванела, і казала: «Не, ну што ты, што ты!». А ўсе б асобы жаночага полу глядзелі б на мяне з непрыхаванай зайздрасцю.

Я магла б быць жонкай мастака! Калі б трыццаць гадоў таму мая суседка-бабуля не пашкадавала б кабанчыка для вяселля свайго ўнука — са мной. Гэта была першая і апошняя прапанова ў маім жыцці выйсці замуж. І нават гэта першая прапанова не была агучана мне ў вочы, бо патэнцыйны жаніх палічыў за лепшае вырашыць у першую чаргу эканамічныя пытанні з вяселлем. Нам было па чатыры гады. Хлопчык той чатырохгадовы прыязджаў да бабулі на лета, маёй суседкі. Неяк ён прыбег з гуляў да сваёй бабулі ў хату і з парога рашуча закрычаў: «Бабуля! Рэж кабана!». У бабулі — вочы па пяць савецкіх капеек зрабіліся, а хлопчык патлумачыў: «Я кажу — рэж кабана! Я з Алёнай жаніцца буду!».

Бабуля пашкадавала (ці кабана, ці ўнука, ці, можа, нават мяне), і вяселля не адбылося. Прайшлі гады, і я даведалася, што ён зараз мастак. Не быць мне яго жонкай. Не, тэарэтычна, мы б маглі пажаніцца, нават зараз. Тэарэтычна, мы маглі б сустрэцца ў вёсцы, ля ручайка, які падзяляў нашы двары. Я б стаяла на левым беразе, ён — на правым, мы б маглі сустрэцца і тэарэтычна — закахацца. Але тут і сёння я адчуваю, у справу зноў умяшаецца пракляты тлусты кабан. Я ўпэўнена, што зараз бабуля дарослага ўжо хлопчыка дакладна не дасць біць кабана, 100% — не дазволіць. Праз тую, будзь яна праклятай, пастанову Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання, якая забараняе біць свіней на ўласных падворках. Калі хоць усю свінню, хоць яе «задні мост» ты збіраешся прадаць.

На вяселле ў вёсцы звычайна білі двух кабаноў — аднаго сабе, другога — на продаж, каб на выручаныя грошы згуляць свята.

Ну, калі тады, калі можна было біць свіней тых налева-направа, калі мой сусед-дзед толькі і хадзіў па вёсцы са швайкай, каб дзе якога кабанчыка зарэзаць, калі нават тады бабуля-суседка пашкадавала кабана нам на вяселле, то зараз шанцы нашы пажаніцца роўныя нулю. Таму што зараз, каб забіць кабана, трэба везці яго на бойню — у райцэнтр, ці яшчэ далей, аддаць грошы за машыну, за забой (за здаровага кабана — да 600 тысяч рублёў трэба аддаць!). Хто адважыцца на такія выдаткі?

Больш таго, па новых «ветэрынарных нормах» утрымліваць свіней можна пры адмысловай тэмпературы! Гэта значыць — зімой у хлявы трэба правесці ацяпленне, а летам — усталяваць кандыцыянер! Больш таго — утрымліваць свіней трэба ў памяшканнях, куды не могуць пракрасціся мышы! Ці заляцець мухі! Гэта ўжо будуць залатыя свінні, якіх не будуць калоць направа-налева, каб згуляць чыё вяселле.

Я смяялася і плакала, калі чытала тыя новыя нормы. Свінню належыць утрымліваць у хляве пры 14-16 градусах цяпла, каня ж — пры 6-8, казу — пры 3-6, карову — пры 8-15 градусаў цяпла. Значыць, трэба будаваць асобныя хлявы для розных парнакапытных, рагатых, бязрогіх. Я ўсё-такі не разумею: чаму конь патрабуе менавіта 6-8 градусаў, а каза — 3-6? Ад таго, што ў казы поўсць даўжэйшая? Чаму тады карове трэба аж 15? Яна ж таксама мае поўсць?

Бывай, мой сябра дзяцінства, бывай, мая мара стаць жонкай мастака! І ўсё — з-за новых санітарных ветэрынарных нормаў.

Напэўна, добра, што мой дзед не дажыў да гэтага часу. Ён трымаў і каня, і карову, і авечак, і свіней, і курэй. Колькі хлявоў, асобных для кожнай жывёлы, прыйшлося б яму пабудаваць, з ацяпленнем і кандыцыянерамі!

Добра, што сусед-дзед Стась не дажыў да гэтага часу, бо няйначай яму з жонкай прышлося б галадаць. І швайка б яго заржавела. Я-малая, калі бачыла, што дзед Стась выйшаў з хаты са швайкай, засунутай за халяву ботаў, інстынктыўна заціскала вушы, бо гэта швайка з-за халявы ботаў была прадвеснікам страшнага пранізлівага свінячага віску. Дзед Стась біў па вёсцы кабаноў, за што меў заўсёды ў хаце свежую скварку.

Эпілог

Мне здаецца, што тыя, хто прымае такія «законы» і «нормы», і той, хто актыўна ўдзельнічае ва ўсім гэтым, хранічна ненавідзяць вёску, проста не ведаюць, як яе знішчыць. Але ж яны самі ўсе пагалоўна з вёсак! Пачытайце іх біяграфіі. Як можна ненавідзець, і за што, тое месца, дзе ты нарадзіўся? Да такой ступені ненавідзець, што нават не любіць назву — «вёска», скалечыць яе, абазваўшы «аграгарадком», набудаваўшы там «домікаў» — замест хат. Хіба магчыма напісаць нейкі добры твор пра аграгарадок? Нават слова такое «аграгарадок» немагчыма ўявіць у назве апавядання, ці раману (я маю на ўвазе — добрага твору). Праўда, Іван Данілавіч? Мы ж ўсе з хат?

Напэўна, толькі вар'ят можа атрымаць натхненне для верша ці апавядання ад масавага забою свіней на дзяржаўнай бойні. Праўда, Міхась Лявонавіч? Праўда, Яўген Іванавіч?

Меркаванні калумністаў могуць не супадаць з меркаваннем рэдакцыі.
Запрашаем чытачоў абмяркоўваць артыкулы на форуме, прапаноўваць для ўдзелу ў праекце новых аўтараў або ўласныя матэрыялы.


  • Можа і дзіўна гэтыя нормы чытаць, але, здаецца, які-ніякі гэта крок у правільным кірунку. Бо ніякага закону аб ахове жывёлаў няма, таму, ніхто не забароніць і на марозе жывёлу пакінуць, і не карміць па колькі дзён, бо гаспадар п"яны, і ў лайне па вушы пакінуць і г.д. А ці ўсё такія майстры забіваць кабана - каб з першага разу, каб жывёла не пакутавала пакуль ёй там каля сэрца дзесяць разоў шылам кавыраюць? Не кажу што на бойнях працэсс значна лепшы, але ўсё ж гэта мейсца дзе забойства адбываецца больш прафесійна, і навучыць людзей там безбалёваму забойству прасцей, чым усіх дзядзек па вёсках.
  • Эх, Алёна... Я смутно пытаюсь через память услышать и вспомнить музыкальный (и -видеоряд) фильма "Портрет жены художника"... Я тысячу лет не видел и не слышал. И кто композитор? - Не Р. Паулс ли? Кто режиссёр? ... Тут сложное отношение. Мы-то по-прежнему многое неуверенно, но помним. Увы, сейчас более принято побольше надёжно забывать.
  • клёвая рэфлексія.. не сумуйце, як бы горка не было.. :) // __з аднаго боку законы ці хучэй распараджэньні - прымаюцца для бяспекі, здароў"я пакупнікоў-спажыўцоў -- (тут - адносна забою хатняй жывёлы НА ПРОДАЖ) -- праверка на асноўныя хваробы, нібы больш гуманны забой жывёліны // __з іншага - эканамічная рэальнасьць - аплата за забой СВАЁЙ жывёліны, транспарт для давозу жывёліны ў месца забою, транспарт для давозу ў месца продажу, аплата напэўна за месца, аплата санстанцыі і г.д. --- робіць гадаваньне на продаж асобнымі гаспадарамі - не проста нерэнтабельным, але і дэ-факта гэта - зьдзек і грабёж гаспадара - сваёй дзяржавай(праз такія распараджэньні і законы), плюс высокая цана транспарту, паліва // калгасы-саўгасы, як і асобныя гаспадары, пэўна таксама павінны плаціць за забой, за праверкі - і пэўна - зыходзячы з сёньняшняй эканамічнай рэальнасьці - ім гэта абсалютна нявыгадна і гэта праца нават не у ноль, а ў мінус.. тым больш калі ўзяць нават льготныя працэнты па крэдытам.. таму, пэўна, і возяць у Расею праз адкрытую мяжу ды запрашаюць пакупнікоў-пасярэднікаў саміх прыязжаць да гаспадарстваў..
  • нет те кто придумывает эти нормы не из сел и-весок они из пробирок выращенные в агрогородках,спасибо за едреный материал,так их м,,, в,,