Мнения других авторов
- 15.03 // 11:20 Дмитрий Маркушевский. КАК ОБУСТРОИТЬ БЕЛАРУСЬ. Достучаться до небес // Статья
- 14.03 // 16:07 Владимир Подгол. МЕЖДУ СТРОК. Директора разведки США завербовал КГБ Беларуси? // Статья
- 13.03 // 12:31 Дмитрий Растаев. В РИФМЕ ВРЕМЕНИ. Большая ломка // Статья
- 12.03 // 16:44 Лев Марголин. ТАЛАКА. 75 дней правительству Кобякова // Статья
- 12.03 // 12:57 Ярослав Романчук. СИСТЕМА. Клиника Минздрава // Статья
Другие Мнения этого автора
- 18.03 // 19:44 Алена Германовіч. СЁННЯ. Як адна расіянка прасіла прэзідэнта, каб ён мяне задушыў // Статья
- 03.03 // 09:58 Алена Германовіч. СЁННЯ. Каін і яго нашчадкі // Статья
- 16.12 // 09:05 Алена Германовіч. МЫ-Я-ЯНЫ-ВЫ. Рыба, спроба смерці і анемічнасць публікі // Статья
- 04.10 // 14:10 Алена Германовіч. АЦЯПЛЕННЕ. Вы не пайшлі на «Дажынкі»? Тады яны ідуць да вас! // Статья
- 28.09 // 14:40 Алена Германовіч. ГІСТОРЫЯ ХВАРОБЫ. У пісьмовым разгорнутым пераказе // Статья
Мнение
Алена Германовіч. КАНАПА. Мяккая стабільнасць
Алена Германовіч. Нарадзілася днём 23 сакавіка 1978 года. Праз месяц, у тры гадзіны ночы, мяне ў беспрытомным стане па прычыне немаўляцкага ўзросту і ў строгай сакрэтнасці ахрысцілі. Хроснымі выступілі член Камуністычнай партыі, дырэктар школы і першы сакратар райкама камсамола, што і вызначыла маю будучыню. Не, я не стала камуністам — партыя развалілася, не стала святаром — па прычыне іншага полу. Але люблю тэатр, экстрым і літаратуру. А, вось яшчэ — я ўласны карэспандэнт БелаПАН па Гомельскай вобласці. |
Вось я пішу, так? А вы чытаеце зараз тое, што я пішу. Як? Пэўна, седзячы-лежачы на канапе? На зручнай, мяккай, прыемнай, функцыянальнай, прыцягальнай, такой роднай і нават роднаснай ужо нашаму фізічнаму целу канапе?
Вось на адным сайце, які прасоўвае модныя-стыльныя канапы ў масы, я са здзіўленнем прачытала, што канапа — «самы лепшы чатырохногі сябар». Напісана, што канапа — «вялікая, мяккая, не даводзіць да шаленства сваім брэхам ні вас, ні суседзяў» і «абсалютна не непакоіць вас». Яшчэ пра вартасці канапы напісана, што яна «заўсёды побач». Дакладна!
Не, я не ўладкавалася на фірму па продажы канап, наадварот (мяне туды не ўзялі, і зараз, карыстаючыся службовым становішчам, я ім паспрабую адпомсціць :).
Да мяне прыйшлі калегі. Нам трэба было трохі паразважаць пра цяжкі лёс журналістыкі. Нас чакала праца (усіх, хто сабраўся разважаць), таму мы разлічвалі хутка пагаварыць пра лёс і заняцца, нарэшце, працай, за лёс якой мы так хвалюемся, і якой у нас лес (працы), непачаты край. Але як толькі мы селі на канапу, на якой было так мякка, зручна і прыемна, то вырашылі забыцца на лес працы і абмяркоўваць да пасінення яе лёс. Не тое каб мы так вырашылі — так неяк выйшла.
Але спачатку мы абмеркавалі маю канапу. Калегу вельмі зацікавіла яна (канапа). Калега сказала, што хацела б такую, але большую! Шырэйшую і даўжэйшую! Яшчэ хвілін 27 мы абмяркоўвалі колер канапы, матэрыял, падушкі, ну і астатнія аксесуары. Ну вось тады я і ўцяміла, што канапа — гэта не проста рэч. Гэта не мэбля. Гэта тое, што «заўсёды побач».
На канапе, седзячы-лежачы, мы да адурэння і пасінення можам гадзінамі вырашаць лёс краіны (падключыўшыся да іншых канапшчыкаў праз інтэрнэт, уключыўшыся ва ўсе сацыяльныя сеткі), беларускай мовы, палітвязняў, аборты, забойства пінгвінаў і забойства забойцаў, і так далей, да пандаў і галадаючых у Афрыцы дзяцей.
На канапе мы лёгка робімся «сацыяльна-актыўнымі», «грамадскімі дзеячамі» і нават страшна сказаць «апазіцыяй». Падпісваем анлайн-петыцыі — адна за другой, усе ратуем некага віртуальна. Спрачаемся, у цяпле і святле, пра Майдан. Спрачаемся — ці герой Міша Жызнеўскі, ці не герой. Лічыць героям яго ці не лічыць? Таго, каторы не наш. І каторы не мы. І каторы, можа, здраднік нават — здрадзіў цэламу народу! Што ён, га? Не мог, як усе, проста сядзець-ляжаць на канапе і цывілізавана, канструктыўна, шляхам анлайн-петыцый і спрэчак у сетках, вырашыць лёс нашай краіны і суседняй таксама? Чаго гэта ён, га? Пайшоў, паехаў? Падарваўся з канапы!
Мне знаёмы скардзіўся (звычайны чалавек, так), што яму здаецца, што да яго кіраўніцтва горш пачало на працы ставіцца. І здаецца яму, што тэлефон яго праслухоўваюць. «З якой такой радасці?», — здзівілася я страхам гэтага апалітычнага чалавека. «Я неяк у «Аднакласніках» нешта пісаў супраць ну... таго.... ведаеш... Напэўна, з-за гэтага ў мяне праблемы», — хваляваўся знаёмы.
Сёння яшчэ адзін знаёмы, горача шэпчучы ў вуха, распавёў мне, што «адна жанчына скардзілася другой па тэлефоне на нізкі заробак, дык яе выклікалі ў КДБ і штраф далі 200 тысяч». (!) Гэта колькі базавых, га? Хіба ёсць такія штрафы — напрыклад, 1,5384615 базавай велічыні?
На канапе прыемна хварэць. Я так самааддана і прыемна хварэла на канапе! Я ніяк не магла вылечыцца, бо штодзень у мяне з'яўляліся ўсё новыя і новыя, усё больш пагрозлівыя сімптомы! Было страшна. Але канапа як быццам шаптала, гэты надзейны «чатырохногі сябар»: «Прыляж, усё будзе добра, а калі і дрэнна — табе ніхто не забароніць ляжаць на мне, можаш нават спакойна памерці».
А на ложку ў шпіталі не так прыемна хварэць, я вам кажу. Як толькі я трапіла ў шпіталь і тры ночы правяла на металічным ложку з «панцырнай сеткай», то ўжо на другі дзень я заўважыла знікненне паловы сімптомаў страшных хвароб.
Дома на канапе чалавек ляжыць гарызантальна, а на панцырнай сетцы прыходзілася ўкладаць фізічнае цела спаць у форме раўнабедранага трохвугольніка, перакуленага дагары нагамі ці вострымі вугламі. Слізкі матрац усю ноч спаўзаў з-пад цябе на падлогу, і таму прыйшлося праводзіць ночы з карысцю, выконваючы няхітрыя практыкаванні лячэбнай фізкультуры па вяртанню матраца на ложак з панцырнай сеткай, прагнутай да зямлі, і так праз кожныя паўгадзіны.
Праз тры ночы мне стала значна лепш — хвароба бегла ад мяне без задніх ног, дактары толькі дзіву даваліся — як хутка і нават цудадзейна (улічваючы лячэнне глюкозай і вітамінамі) я іду да «сталай рэмісіі».
Але варта было вярнуцца дахаты, на канапу — як сюды ж прыбеглі і леглі побач усе страшныя сімптомы страшных хвароб.
Урачы палохалі, што нельга пакідаць родныя сцены, нават у стане рэмісіі, маўляў, там на вуліцы — страшна і небяспечна! Толькі на канапе ляжаць! Так гаварылі. А на вуліцы можна падхапіць інфекцыю-вірус ці бактэрыю нейкую. Але вось жа дзіва! Як паляжыш на канапе — так яны і чэпяцца, адкуль толькі бяруцца, новыя і новыя хваробы! А як толькі выйдзеш на вуліцу, ці ляжаш у шпіталь на панцырную сетку — адразу лепш сябе адчуваеш! Ёсць нейкая таямніца ў канапе, я вам кажу. Ды вы і самі, мусіць, ведаеце, нездарма ж там сядзіце-ляжыце, анлайн-петыцыі падпісваеце супраць абортаў, за — пінгвінаў і пандаў і так далей.
Канапа — гэта вось такая рэч... Адна з матэрыяльных праяў стабільнасці. Мяккай стабільнасці. Я вось падумала: можа, арганізаваць анлайн-петыцыю супраць канап?
РС і Мараль
Калі калега сышла, выпіўшы да гэтага на маёй канапе 2 (два) кубкі кавы і 3 (тры) — рознай гарбаты, пачынаючы з чорнай і скончыўшы рамонкавай (для супакаення), я стомлена прылегла (на канапу) і задумалася... Напэўна, яна мела рацыю. Напэўна, варта набыць большую канапу... Ці другую, меншую. Каб дзве былі. І паставіць ля той сцяны яшчэ... Там, дзе разетка. І, можа, не жоўтага колеру, і не карычневага. Можа, варта паспрабаваць нешта з зялёнай гамы, кажуць, зялёны супакойвае. Калі іх будзе дзве — зручна будзе ляжаць і не адрывацца ад вытворчага-творчага працэсу. І часам змяняць месца — то там паляжаць, то там. Можа, тады нешта зменіцца.
Меркаванні калумністаў могуць не супадаць з меркаваннем рэдакцыі. |
Последние Комментарии