“За намі будучыня”. У Беларусі хочуць стварыць жаночую партыю
Беларуская жаночая ліга плануе перафарматавацца ў партыю.
На сходзе Беларускай жаночай лігі было прынята рашэнне аб стварэнні партыі.
“Хопіць абслуговаць “зорак” ад палітыкі, не бачым болей у гэтым сэнсу. Самі будзем ствараць партыю”, — заявіла кіраўніца арганізацыі Ніна Стужынская.
Ніна Стужынская нарадзілася ў 1955 годзе. Кандыдат гістарычных навук, дацэнт. Узначальвае РГА «Беларуская жаночая ліга». Працавала старэйшым навуковым супрацоўнікам Інстытуту гісторыі НАН, аднак у 2003-м была звольненая за ўдзел ў выбарчай кампаніі. Займаецца даследаваннем гісторыі палітычных рэпрэсіяў у Беларусі. Аўтар кнігі «Беларусь мяцежная: з гісторыі ўзброенага антысавецкага супраціву: 20-я гг. ХХ ст.» |
Па яе словах, многія з чальцоў лігі прымалі актыўны ўдзел у апошняй парламецкай кампаніі: хтосьці быў сябрам ініцыятыўнай групы, хтосьці — назіральнікам.
“Разам прыйшлі да высновы: хопіць кагосьці абслугоўваць. Бо мы ж удзельнічаем у кожнай палітычнай кампаніі. Мы самадастатковая арганізацыя з 20-гадовай гісторыяй. Маем досвед перамоваў і свае ідэі. Прыйшоў час нам заявіць пра сябе як пра партыю”, — кажа спадарыня Стужынская.
Яна прыгадвае, што калісьці жаночая партыя “Надзея” (была ліквідавана рашэннем Мінюсту ў кастрычніку 2007 г.) мела даволі сур’ёзную падтрымку ў грамадстве.
“Я памятаю, прыходзіла на лекцыі да студэнтаў, пытала: якую партыю яны ведаюць. І ўсе хорам адказвалі: “Надзея!” Вельмі гэта партыя абнадзейвала людзей, але амаль 10 год таму было прынята рашэнне аб яе ліквідацыі. Ведаю, што некаторыя актывісткі засталіся. Плануем з імі супрацоўнічаць”, — удакладніла кіраўніца Беларускай жаночай лігі.
Яна лічыць, што існуючыя партыі не надта шмат увагі ўдзяляюць гендэрным пытанням.
“Як улады, так і партыі, хутчэй, імітуюць гэты працэс. За 20 год і першыя, і другія добра гэтаму навучыліся”, — кажа суразмоўца.
Ніна Стужынская мяркуе, што беларускае грамадства гатовае прыняць жанчын у палітыцы. І прыводзіць прыклад лідаркі “Гавары праўду” Таццяны Караткевіч, якая вылучалася на апошніх і прэзідэнцкіх, і парламенцкіх выбарах.
“Грамадства вельмі добра ўспрыняла яе кандыдатуру. У розных колах я чула, што галасавалі менавіта за Караткевіч. Гэта вельмі пазітыўны сігнал”, — адзначае спадарыня Стужынская.
На бліжэйшых мясцовых выбарах яна плануе вылучыць сваю кандыдатуру.
“Я бачу сябе дэпутатам у вёсцы, дзе жыву, гэта Мінскі раён. Мы як палітычная партыя будзем шмат увагі ўдзяляць гэтай кампаніі. Па сутнасці, менавіта з яе і будзем стартаваць як палітычная сіла”, — удакладняе суразмоўца.
Пытанні, якія дэпутаты павінны сёння ставіць найперш — гэта здароўе, адукацыя і суверэнітэт Беларусі, мяркуе Ніна Стужынская.
Лідарка жаночай лігі адзначае, што арганізацыя аб’ядноўвае каля 100 актывістак.
“Змены ў грамадстве робіць актыўная меншасць. У беларускіх жанчынаў — вялікі патэнцыял. І я пераканана, што будучыня менавіта за намі”, — падсумоўвае Ніна Стужынская.
Обсудим?