Алег Трусаў: Расіі вельмі хочацца паўтарыць “крымскі сцэнар” у Мінску
Расійскае тэлебачанне адмаўляе беларусам у праве людзьмі звацца?
На Першым канале расійскага тэлебачання ў эфір выйшла перадача “Время покажет”, падчас якой горача абмяркоўвалі стасункі Расіі з Украінай і Беларуссю. Вядучыя і некаторыя госці перадачы выказвалі занепакоенасць, што наша краіна можа пайсці па ўкраінскім шляху, у выніку чаго Расія страціць Беларусь.
Абмеркаванне беларускай тэмы пачалося з кнігі “Гісторыя сярэднявечнай Еўропы V-XV ст.ст.”, аўтарам якой з’яўляецца кандыдат гістарычных навук, старшыня Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны Алег Трусаў. Кніга выйшла ў гэтым годзе накладам 300 асобнікаў, які ўжо распрададзены. Да канца года плануецца дадрукаваць яшчэ 100-150 асобнікаў. У наступным годзе кніга будзе выкладзеныя ў інтэрнэт.
Вядучага Арцёма Шэйніна абурыла выказванне Алега Трусава падчас презентацыі кнігі ў Гродна пра тое, што менавіта беларусы — “сапраўдныя рускія, а не нейкія там на ўсходзе”.
Алег Трусаў кажа, што ён жартаваў падчас прэзентацыі, але гэты жарт праўдзівы.
“У назве Вялякага Княства Літоўскага ёсць далей — Рускае. І ў сярэднявеччы рускімі называлі праваслаўных жыхароў ВКЛ. А яны да 1480 года былі ардынцамі — васаламі Залатой Арды. Ніякімі рускімі яны тады яшчэ не былі. І толькі пасля 1480 года, калі яны абвесцілі незалежнасць, тады іх князь стаў называцца князем Всея Русі. Так што, фактычна ў гэтым жарце ёсць гістарычная праўда”, — тлумачыць Алег Трусаў у каментары для Naviny.by.
Ён кажа, што кніга напісана з беларускіх пазіцый, таму некоторыя моманты могуць быць не да спадобы рускім.
“Але калі я апісваў іхнюю гісторыю, то я спасылаўся на іхніх гісторыкаў, Калі пішу пра Літву, то даю спасылкі на кнігі літоўскіх гісторыкаў, калі пра Данію — то дацкіх гісторыкаў. Я выкарыстаў массу літаратуры тых краін, пра якія я пісаў”, — кажа гісторык.
Нервовую рэакцыю на кнігу з боку некаторых рассіян ён тлумачыць іхнімі асцярогамі пра тое, што Расія можа страціць Беларусь.
“Украіну яны страцілі, і калі яны страцяць Беларусь, то пра Расійскую імперыю можна назаўжды забыць. Таму цяпер яны змагаюцца за Беларусь”, — падкрэслівае Алег Трусаў.
Пры гэтым ён не выключае, што для дасягнення сваіх мэтаў у Беларусі можа быць выкарыстаны “крымскі сцэнар”.
“Ім вельмі хочацца паўтарыць “крымскі сцэнар” у Мінску. Я думаю, што яны рыхтаваліся да гэтага 20 гадоў, таму яны і давалі танную нафту і газ. Проста Украіны здарылася для іх нечакана. Калі б Украіна не здарылася, то здарылася б Беларусь. Проста нам пашанцавала”, — лічыць гісторык.
Пасля таго як Расія прайграла ва Украіне і Сірыі, на ягоную думку, ёй патрэбна маленькая пераможная вайна.
“Пажадана, каб гэтая вайна была без крові, і пачатак ужо пакладзены. Тое, што зараз робіцца ў Расіі, называецца інфармацыйныя вайна. Нават Еўрапарламент прыняў рэзалюцыю супраць расійскай прапаганды. Такая моцная структура і тое спалохалася. Бо яны гэта робяць прафесійна”, — кажа Алег Трусаў.
Пры гэтым ён лічыць, што зараз пераважная большасць беларусаў не хоча страціць незалежнасць.
“У нас за 25 год сфармавался мадэрновая беларуская нацыя, якая аб’яднаная вакол ідэі незалежнасці. Амаль ніхто ў Расію ісці не хоча. І гэта вельмі моцны наш аргумент. А найбольш ад самастойнасці выйграў Лукашэнка і яго атачэнне. Ім гэтая незалежнасць дала велізарныя прыбыткі. Ну і яны ж дзеляцца і з простымі людзьмі. Ніколі за апошнія 200 гадоў беларусы не жылі так добра, як у часы незалежнай Беларусі. І ўсе ведаюць, як жыве Расія. Жыве толькі Масква. У астатняй Расіі і голад, і холад, і беспредел”, — лічыць гісторык.
Ён кажа, што яго вельмі настойліва запрашалі на перадачу, але ён не змог прыехаць, бо заняты.
“Я не тое што іх баюся, але я ж — не сабачка, каб усё кідаць (і лекцыі, і заняткі) і перціся ў Маскву”, — кажа Алег Трусаў.
Обсудим?