Уладзімір Някляеў пагаварыў з Пятром Парашэнкам пра палітыку і паэзію
Уладзімір Някляеў, які знаходзіцца ў Кіеве на ўрачыстасцях па ўшанаванні памяці героеў Нябеснай сотні, сустрэўся з прэзідэнтам Украіны Пятром Парашэнкам.
Як распавёў Някляеў у каментары для БелаПАН, сустрэч было дзве: “Першая ў Міхайлаўскім саборы, дзе сабраліся бацькі герояў Нябеснай сотні. Другая сам-насам у рэзідэнцыі прэзідэнта”.
Па словах Някляева, “гаварылі шмат пра што — і не толькі пра палітыку, пра паэзію таксама”. “Прэзідэнт Украіны добра ведае літаратуру і разумее яе ролю, увогуле значэнне культуры ў станаўленні дзяржавы і нацыі”, — адзначыў Някляеў.
Адной з тэм гаворкі была магчымасць надання загінуламу на Майдане беларусу Міхасю Жызнеўскаму звання Героя Украіны. Зараз гэтаму замінае норма закона, згода якой Героем Украіны можа быць толькі яе грамадзянін.
“Парашэнка паабяцаў пасадзейнічаць у тым, каб Жызнеўскаму надаць спачатку ўкраінскае грамадзянства, а пасля і званне героя. Так што беларус Міхась Жызнеўскі будзе героем Украіны”, — расказаў Някляеў.
Што да палітыкі, дык, па словах Някляева, размова йшла ў рэчышцы сітуацыі, якая складваецца вакол Украіны і Беларусі.
Фото прэсавай службы прэзідэнта Украіны
Обсудим?