Пісьменнікі зладзілі «рыбны дзень» у суботу

Літаратары просяць не забіраць у творчых суполак апошні дэмакратычны прыстанак — краму «Рыба»…

Беларускія пісьменнікі і перфарматары — магутная сіла, якая знаходзіцца ў бясконцай выпрацоўцы новых паглядаў на старыя з’явы. Нядаўна на вочы пісьменнікам трапілася старая мінская крама «Рыба», размешчаная на вуліцы Карла Маркса. Пісьменнікі прыгледзеліся — з-за кута пагрозліва вызірае новы рыбны шоп з добрымі лядоўнямі і заморскімі гатункамі прадуктаў. Прыслухаліся — па горадзе ходзяць чуткі пра запланаванае пераўтварэнне «Рыбы» ў італійскую піцэрыю. У магчымай перспектыве знікнення таннай рыбнай крамы беларускія літаратары ўгледзелі магчымасць страціць традыцыйнае дэмакратычнае месца для сяброўскіх тусовак, таннай выпіўкі і плённых размоў.

Для абароны гэтага самабытнага дызайнерскага памяшкання, сцены якога аздоблены пасляваеннымі фрэскамі з выявамі рознага марскога хараства, было прыдумана правесці адмысловы «рыбны дзень», поўны флэш-мобаў, перфомансаў, імправізацый, музыкі — усё гэта канцэптуальна мусіла суадносіцца з тэмай вады, акіяну, мора і вадзяных насельнікаў. Таксама адмыслова для абароны ўлюбёнага месца гарадскіх дзівакоў і невыпадковых мінакоў быў выдадзены новы, дванаццаты, нумар часопіса «Тэксты», з лагатыпам культавай крамы на вокладцы, прысвечанага і рыбе, і «Рыбе». Што праўда, насуперак традыцыі савецкіх сталовак, якія знаходзяцца ў адным гістарычна-эстэтычным шэрагу з крамай «Рыба», «рыбны дзень» літаратары правялі не ў чацвер, а ў суботу.

 

Непасрэдна пра «Рыбу» ў «Тэкстах» — вокладка, прадмова, экспрэсія Змітра Вішнёва «Мая крама «Рыба», вершы Ярылы Пшанічнага, аповед «таравываН» Анатоля Івашчанкі, настальгічны аўтабіяграфічны аповед «Акіян». «Рыба». Маладосць...» Аляксея Шыдлоўскага і «Не пакінем РЫБЫ нашай, каб не ўмёрлі» Змітра Юркевіча. Трапляюцца таксама спробы разабрацца ў комплексе беларускага «бязмор’я». Напрыклад, Серж Мінскевіч у сваім эсэ «Беларускі акіян», аздобленым вершамі і песнямі, прыходзіць да высновы, што «ў беларусаў смага — хранічная нацыянальная хвароба. Смага да вады, да мора-акіяну. Да свабоды. Усё атрымліваем па кропельцы... І хранічна спадзяемся, што нарэшце ператворыцца тая смага ў прагу». Таксама ў новых «Тэкстах», ніяк не звязаныя з «Рыбай», але каштоўныя самі па сабе — урыўкі з новых раманаў Аляксея Талтова і Іллі Сіна.

Звяртаючыся да чытачоў у прадмове, аўтары спачатку параўноўваюць «Рыбу» з контркультурнай кавярняй «Сайгон» у Санкт-Пецярбургу, дзе збіралася ўся мясцовая багема і тусаваліся ўдзельнікі праектаў «Аквариум», «Кино», легендарных «Міцькоў». «Тут сустракаюцца студэнты, прадстаўнікі андэграўнду, тэатралы, працоўныя. Дзякуючы танным коштам і добрай працы супрацоўнікаў крамы створана дзіўная атмасфера камунікацыі, якая ў сваю чаргу гальванізуе працэс творчасці», — гэтак стваральнікі часопіса тлумачаць падабенства, праўда, тут жа прызнаючыся, што «Рыба» «не цягне» на кавярню, пры гэтым з’яўляючыся закансерваваным у часе скрыжаваннем маршрутаў мінчука. Пісьменнікі, музыкі і перфарматары ў сваім звароце заклікаюць усіх творчых людзей аб’ядноўвацца — маляваць, пісаць, спяваць у гонар «Рыбы».

Калі гэты праект і сапраўды выкліча зацікаўленасць з боку розных мастацкіх суполак і творцаў-«адзіночак», магчыма, «рыбныя дні» не скончацца тым адзіным, першым, які адбыўся 25 красавіка ў Палацы мастацтваў. «Уліванне» новых ідэй у звыклы фармат чытання ўласных вершаў па чарзе — сціплым паэтычным ланцужком — і перфомансаў у поліэтыленавых строях не зашкодзіла б ні прысутным на вечарыне знаёмым выступоўцам, ні гледачам.

Сродкі, затрачаныя на антураж, відавочна, патрабавалі і больш цікавага зместу, нейкага руху і дзеяння. Пісьменнікі і паэты былі апрануты ў чорныя «майкі хакейнай каманды» — з надпісам «РыбаSOS» і ўласнымі імёнамі на спінах. Добрая вынаходка, калі арыентавацца на цэлую зграю «пачаткоўцаў», якія прыйшлі, каб упершыню ў сваім жыцці адрозніць Сіна ад Пляна. Прынамсі, мук і пытанняў менш — літаратары падпісаныя, да іх можна падыходзіць і называць адразу па імені. Гледачоў, дарэчы, сапраўды было нямала — з самага пачатку падтрымаць «Рыбу» і паўдзельнічаць у «рыбным» свяце сабралася амаль поўная зала людзей. Пра прысутнасць маладых і «новенькіх» сведчыў традыцыйны рэактыўны смяшок на кожнае другое слова ў вершах Віктара Жыбуля.

Апошні выходзіў на сцэну некалькі разоў — у самоце, разам з дзіцём (сын Жыбуля, як апынулася, ужо складае цудоўныя вершы пра кветачкі ў пяску) і ўсёй сям’ёй, з сынам і Джэці. Выводзіць «паэтычных» дзяцей даводзілася не для радасці і шчасця, а для запаўнення раптоўных паўз. «Мне перадалі, што Ярыла Пшанічны бухае! Замест яго будзе выступаць Юрась Барысевіч, — радасна паведамляе абчэплены сушанай скумбрыяй Вішнёў. — Ой, даруйце, Юрась Барысевіч таксама бухае!»

 

Юрась Барысевіч, калі і «бухаў», то рабіў гэта нядоўга і хутка з’явіўся на публіцы ў поліэтылене, з сінім пакетам на галаве. Крыху пагайдаўшыся ўзад-уперад, ён нанізаў мікрафон на леску і пачаў лавіць на яго рыбу з сіняга вядра з вадой. Пасля гэтага ў мікрафоне цэлы вечар нешта булькала, што, аднак, не перашкаджала літаратарам чытаць, крычаць, спяваць і шаптаць у яго.

Паэт і літаратуразнаўца Арцём Кавалеўскі па-свойму растлумачыў, чаму ратаваць «Рыбу» — справа кожнага нармальнага мінчука: «Рыба — добрая істота і карысная ежа. А ў краме «Рыба» мы можам знайсці і тое, і іншае». Паэты спрабавалі ўзгадаць як мага больш вершаў з уласных зборнікаў, прысвечаных рыбе і вадзе, некаторыя адразу пісалі новыя «рыбныя» творы (паэтка Джэці перад выступам нешта пісала ў нататніку, а потым чытала з яго ж, магчыма, зусім нованароджаны твор). Праўда, пасля ўсё пайшло неяк не так. Гледачы пачалі падымацца і хутка знікаць, распускацца ў нефармальнасці, смеху і весялосці, пакінуўшы залу амаль сам-насам з чорным пахавальным эмбіентам і сцэнкамі з бруднымі мёртвымі нявестамі на дыяфільмавым палатне.

Ахвотных стаць на абарону крамы «Рыба», удзельнічаць у флэшмобах, набываць і чытаць «Тэксты» аказалася зусім нямала, а выседзець у зале Палаца мастацтваў да канца змаглі сапраўды непахісныя, самыя смелыя і вынослівыя. Справа тут, безумоўна, у доўгай, невыносна зацягнутай праграме, без развіцця, імправізацый — усяго таго, што можна назваць творчым актам, на хісткіх крэслах, каля акна, у якое праразаецца вясновае сонца. Можа быць, дастаткова было б проста памяняць памяшканне, памяняць звычкі. Пісьменнікі кажуць, што «Рыба» «не дацягвае» да кавярні. Аддайце ім «Рыбу», хай дапамогуць ёй «дацягнуцца».