У міжнародны дзень роднай мовы у Мінску чытаюць па-беларуску сусветную класіку

 

Цэнтральная навуковая бібліятэка імя Якуба Коласа Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі падрыхтавала сваю праграму святкавання Міжнароднага дня роднай мовы, які адзначаецца 21 лютага, і ўжо другі год запар з гэтай нагоды праводзіць тэматычныя літаратурныя чытанні.

Як паведаміла БелаПАН супрацоўніца аддзела сацыяльна-культурнай і інфармацыйнай дзейнасці бібліятэкі Яўгенія Царальчук, у праграме дня — прагляд відэафільма «Разнамоўны калейдаскоп», падрыхтаванага супрацоўнікамі бібліятэкі, прэзентацыя кніжнай экспазіцыі «Сусветная літаратурная класіка па-беларуску», знаёмства з прэзентацыяй «Вянок» — кніга паэзіі» да 100-годдзя з дня выдання зборніка вершаў Максіма Багдановіча, а таксама паэтычныя чытанні твораў са зборніка «Вянок».

Паводле слоў старшыні аддзела абслугоўвання чытачоў Ніны Камаровай, «кожны адукаваны чалавек далучаецца да сусветнай літаратуры праз чытанне кніг народаў свету, і ўвогуле нам падаецца, што такое пытанне, як «Ці чыталі вы класікаў рускай і сусветнай літаратуры на беларускай мове?», з`яўляецца вельмі актуальным».

Камарова адзначыла, што выстава «Сусветная літаратурная класіка па-беларуску» дазволіць пазнаёміцца з майстэрствам айчынных перакладчыкаў, якія дапамаглі Пушкіну, Лермантаву, Дастаеўскаму, Талстому, Чэхаву, Шэкспіру, Байрану, Гесэ, Камю, Цвейгу загаварыць на беларускай мове для нашых чытачоў».