Уладзімір Някляеў расставіў «Знакі прыпынку»
Кнігу можна адкрываць на любой старонцы і чытаць любую гісторыю — не адарвацца...
У памяшканні «Арт-сядзібы» вечарам 27 снежня людзей было на дзіва мала. Адзін з самых буйных сучасных беларускіх празаікаў Уладзімір Някляеў, які прэзентаваў сваю новую кнігу «Знакі прыпынку», пачаў вечарыну з падзякі прысутным за тое, што яны прабраліся праз «Стоп-падаткі», што расстаўляюць свае знакі прыпынку ў горадзе, і прыйшлі-такі на прэзентацыю.
Уладзімір Пракопавіч выглядае добра, але крыху стомлена. Час ад часу, пакуль сябры і калегі прамаўляюць і віншуюць аўтара з новым томам, герой вечара адказвае на тэлефанаванні, корпаецца ў ноўтбуку. А пасля ўстае і распавядае прысутным цікавыя гісторыя са сваёй бурлівай пісьменніцкай маладосці. Усіх вельмі развесяліў аповед пра тое, як малады Някляеў у Шамякіна грошы пазычаў…
Замест одаў і дэфірамбаў, якія звычайна шчодра разліваюцца падчас літаратурных прэзентацыі, было шмат жыццёвых гісторый ды размоваў пра сапраўдную літаратуру, пра чыстае мастацтва. Спрэчка пра тое, чым ёсць сапраўдны твор, мела ўсе шансы захапіць прысутных так, што яны і пра «Знакі прыпынку» забыліся б. Сышліся на тым, што някляеўскія «Знакі» і ёсць такой сапраўднай літаратурай, бо яна пра само жыццё, пра нас з вамі — разам і паасобку.
Недарма гэтую кнігу іншы буйны беларускі празаік Віктар Казько назваў «раманам душы», які прабіўся праз пустазелле бясконцай траскатні сучасных беларускіх аўтараў.
Уладзімір Някляеў і Віктар Казько
«Што ж тычыцца някляеўскіх «Знакаў», дык няпроста вызначыць нават іх жанр. Мемуары, успаміны, публіцыстыка, эсэ, філасофскія разважанні, будзённае і надзённае, асабістае і грамадска значнае, высокае і нізкае», — піша Казько ва ўступе да кнігі і прызнаецца, што для яго яна — «раман несупакоенай бунтоўнай душы на папялішчы нашага, класічнага ўжо «раскіданага гнязда».
Укладальнік кнігі і аўтар каментароў Сяргей Шапран, вядомы сваёй трапяткой і дзейснай любоўю да беларускай літаратуры, прамаўляць адмовіўся. «Так ты скажаш нешта ці будзеш толькі на дыктафон запісваць тое, што мы тут гаворым?» — спытаўся ў Шапрана Някляеў. «Я ўсё ў каментарах сказаў», — адмовіўся выступаць сціплы ўкладальнік добрых кніг.
Затое блізкі сябра Някляева вядомы беларускі пісьменнік Леанід Дранько-Майсюк рваўся да мікрафона. Ён адзначыў, што Някляеў-паэт і Някляеў-празаік ні ў якім разе не спрачаюцца адзін з адным: «Ягоны талент, як плыні ў акіяне, сыйшоўся ў адным чалавеку».
Леанід Васільевіч параіў прысутным чытаць усе творы Уладзіміра Пракопавіча, асабліва выдзеліў сваю любімую аповесць «Вяртанне Веры». Гаворачы пра «Знакі прыпынку», якія, канечне, ужо ўдумліва прачытаў, Дранько-Майсюк адзначыў, што кожная навэла, кожная гісторыя, кожная мініацюра з кнігі ўтрымлівае ў сабе і пачатак, і канец, кожная мае сваю дынаміку.
Леанід Дранько-Майсюк
«Кнігу можна адкрываць на любой старонцы і чытаць любую гісторыю — не адарвацца», — прызнаўся пісьменнік і спрагназаваў кнізе поспех: «Я не магу паверыць, што толькі 400 чалавек прачытае гэту кнігу — менавіта такі наклад пазначаны ў выходных дадзеных. У прозы Някляева нашмат больш чытачоў, а значыць, кніга будзе мець далейшае, новае жыццё».
Патрэба ў такой кнізе выспявала даўно. Менавіта так пачынаецца прадмова Віктара Казько да «Знакаў прыпынку». З гэтага пачаў аповед пра новы празаічны зборнік і сам аўтар. Някляеў адзначыў, што яму карцела змясціць пад адной вокладкай шматлікія жыццёвыя гісторыі — вясёлыя і сумныя, павучальныя і лёгкія. І нарэшце гэта здарылася — знакі прыпынку расстаўленыя.
Някляеў доўга і пранікнёна гаварыў пра вельмі істотнае — пра адчуванне цэхавасці, сяброўскага пляча, з якім ён нарадзіўся і з якім ідзе па жыцці. Асабліва неабходнасць такой шчырай падтрымкі адчуваецца за кратамі. Альбо ў Маскве, куды малады Някляеў прыехаў вучыцца літаратуры. Ці ў Мінску, дзе ўзялі ды адазвалі рукапіс яго першай паэтычнай кнігі пра радзіму, пра Крэва. Кніга выйшла. Дзякуючы цэхавасці — тады таленавітага паэта падтрымалі Аркадзь Куляшоў і Пімен Панчанка, «цяжкая артылерыя», як піша пра старэйшых калег Някляеў у «Спробе аўтабіяграфіі».
Менавіта з яе, шчырай аўтабіяграфіі, і пачынаецца расстаноўка пісьменнікам сваіх знакаў прыпынку. Спадзяюся, напрыканцы Уладзімір Пракопавіч паставіў коску ці хаця б шматкроп'е…
Обсудим?