Каб падарыць музею свае творы, Мікола Купава вымушаны быў набыць квіток
Выпадак адбыўся ў музеі Ўладзіміра Караткевіча 14 снежня..
Мастаку Міколе Купаве, каб трапіць у музей Уладзіміра Караткевіча, якому ён збіраўся падараваць свае гравюры, прыйшлося набыць квіток. Без квітка мастака ў музей не пусцілі.
14 снежня Мікола Купава адмыслова прыехаў у Воршу, на сваю малую радзіму, каб паўдзельнічаць у навуковай канферэнцыі і падарыць гравюры музею.
“Была папярэдняя дамоўленасць з музеям і прызначаны час”, — расказаў Купава карэспандэнту Naviny.by. Але каб трапіць у залю, дзе выстаўлены ілюстрацыі Міколы Купавы да твора Ўладзімера Караткевіча “Лебядзіны скіт”, яму прыйшлося набыць квіток.
Ні гардыробшчыца, якая першая адмовіла Купаве ва ўваходзе, ні дырэктарка Ліна Гатоўская не пагадзіліся пускаць мастака без квітка.
“Гэта не быў прымус, але і далікатнасці з гэтай сітуацыі не вынікала”, — адзначыў мастак.
Кошт пытання склаў 20 тысяч рублёў, але праблема ўзнікла нават не праз грошы, здзівіў Купаву сам факт.
У гэты час у горадзе праходзіла навукова-практычная канферэнцыя па тэме надання Воршы Магдэбурскага права, дзе ўдзельнічаў Мікола Купава. Разам з ім у музей прыйшлі яшчэ некалькі чалавек — журналістаў і ўдзельнікаў навуковай канфэрэнцыі.
“Мы ўсе набылі квіткі. Гэта заняла хвілін дзесяць. Пасля я ўручыў сваю гравюру радзімы Янкі Купалы “Вязынка” і мы далей пакрочылі на канферэнцыю. Такі выпадак не надта сапсаваў настрой, але яго магло і не быць”, — распавёў Купава.
Атмасфэра ўручэньня падарункаў была не такая ўрачыстая, як меркавалася. Аднак дырэктарка музэю, аніколькі не збянтэжыўшыся, прыняла ад Міколы Купавы лінарыты.
Падзякаваўшы, Ліна Гатоўская сышла ў свой кабінэт. Уся імпрэза заняла ня больш як 10 хвілін ейнага працоўнага часу, адзначае Радыё Свабода.
Обсудим?