Беларусь напярэдадні Кастрычніцкай рэвалюцыі. Якой была наша краіна?
Адна частка Беларусі была пад ўладай Германскай імперыі, другая — часовага ўраду Расіі.
Беларусь сустрэла Кастрычніцкую рэвалюцыю падзеленай на дзве часткі. Захад быў акупаваны германскімі войскамі, а ўсход фактычна падпарадкоўваўся часоваму ўраду Расіі.
Naviny.by узгадваюць падзеі стогадовай даўніны разам з загадчыкам аддзела гісторыі Беларусі Новага часу Інстытута гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Андрэем Унучакам.
Але каб зразумець, што ўяўляла сабой Беларусь напярэдадні рэвалюцыі, трэба глыбей зазірнуць у гісторыю нашай краіны. А менавіта, у 1795 год, калі Беларусь пасля трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай цалкам была далучана да Расійскай імперыі.
Беларусь у складзе Расійскай імперыі
Тады тэрыторыя нашай краіны ўваходзіла ў склад шасці губерніяў: Ковенская, Віленская, Гродзенская, Мінская, Віцебская і Магілёўская. У палітычным плане яны падпарадкоўваліся непасрэдна Пецярбургу, хаця ў Беларусі існавалі свае адметнасці, рассказвае гісторык.
Па-першае, насельніцтва ментальна і культурна адрознівалася ад расійскага. Як пісаў у сваей справаздачы да імператара мінскі губернатар Аляксей Гірс у 1914 годзе, расійская культура ў Беларусі трымаецца толькі дзякуючы дзяржаўнай падтрымцы, без такой падтрымкі расійская культура не зможа канкураваць з польскай.
“На тэарэтычным узройні наш край абвяшчаўся рускім, але любы расійскі чыноўнік, які прыязджаў сюды, разумеў, што тут ёсць гіганцкае адрозненне ад Расіі, што тут не Расія”, — кажа Андрэй Унучак.
Па-другое, Беларусь адрознівалася ад Расіі канфесійна. Да скасавання Брэсцкай уніі ў 1839 годзе праваслаўнае насельніцтва складала меншасць. Асноўнымі канфесіямі былі грэка-каталіцкая, рыма-каталіцкая, пратэстанцкая, а таксама іўдзейская. Пасля 1839 года праваслаўныя ў адзін момант сталі большасцю, але тым не менш наша краіна заставалася шматканфесійнай.
Па-трэцяе, Беларусь мела іншую структуру грамадства. У адрозненне ад Расіі, дзе было чатыры саслоўі, у прыватнасці гарадскія і сельскія абывацелі, дваранства і духавенства, у нас была вялікая колькасць дробнай шляхты, сялянаў-слугаў і асабіста вольных людзей.
Па-чацвёртае, у сферы адукацыі расійскі ўрад прытрымліваўся думкі пра небяспечнасць існавання ў заходніх губернях універсітэта, таму няглядзечы на лібералізацыю пачатку ХХ стагоддзя і шматлікія просьбы інтэлігенцыі, закрыты ў 1830-я гады Віленскі ўніверсітэт так і не быў адноўлены.
У цэлым жа заходнія губерніі былі на асаблівым уліку ў Расійскай імперыі і лічыліся патэнцыйна небяспечнымі. На нашай зямлі адбыліся тры буйныя паўстанні, падчас якіх расійскія ўлады ўводзілі надзвычайнае становішча.
“Паколькі Беларусі не давалі права аўтаноміі, то канфлікт паміж мясцовымі элітамі, шляхтай, рыма-каталіцкім духавенствам і расійскімі ўладамі быў пастаянным”, — падкрэслівае супрацоўнік Інстытута гісторыі.
У эканамічным плане Беларусь была з большага аграрнай краінай. Тут была развітая хутарская гаспадарка. У той жа час людзі польскага паходжання не мелі права набываць зямлю, што не спрыяла развіццю аграрнай галіны.
“З аднаго боку, зямельны рынак вельмі моцна залежыў ад палітыкі, бо зямлю нельга было набыць. З другога боку, сістэма гаспадарання вельмі адрознівалася ад Расіі, дзе была сельская абшчына, а ў нас, асабліва ў заходняй Беларусі, была хутарская гаспадарка”, — расказывае Андрэй Унучак.
Акрамя сельскай гаспадаркі ў Беларусі было шмат дробных фабрык, але буйной прамысловасці, як у Расіі, не было. Тым не менш дзейсныя прадпрыемствы былі даволі паспяховымі. Напрыклад, Добрушская папяровая фабрыка, запалкавыя фабрыкі ў Пінску, Мазыры, Барысаве альбо мінскія прадпрыемствы графа Караля Чапскага.
Беларусы жылі больш-менш заможна нават у параўнанні са сваімі суседзямі. Добра зараблялі чыгуначнікі, супрацоўнікі банкаўскай сферы, а таксама ўласнікі зямлі. У той жа час у нашай краіне хапала беднякоў, таму немалая частка беларусаў выязджала на заробкі ў ЗША, Нямеччыну, Расію.
Тым не менш пасля рэвалюцыі 1905-1907 гадоў, калі палітычны рэжым у Расійскай імперыі лібералізаваўся, у беларусаў з’явілася больш магчымасцяў для рэалізацыі.
“Гэта быў перыяд, калі чалавек сваім розумам, сваімі рукамі, сваёй руплівай працай мог дасягнуць поспехаў і заможнасці”, — падкрэслівае кандыдат гістарычных навук.
У краіне будаваліся касцёлы, ствараліся бібліятэкі, з’яўляліся новыя тэхналогіі, рос узровень адукацыі людзей, але ў справе аўтаноміі Беларусі нічога не мянялася.
Беларусь падчас Першай сусветнай вайны, Лютаўскай і Кастрычніцкай рэвалюцый
На такім фоне Беларусь сустрэла Першую сусветную вайну. У 1915 годзе нямецкія войскі пайшлі ў наступленне і акупавалі частку нашай краіны. Мяжа паміж Германскай і Расійскай імперыямі прайшла па лініі Паставы-Баранавічы-Пінск. Тут стаў глухі фронт. Вайна прывяла да пагаршэння транспартных камунікацый, гандлю, дабрабыту насельніцтва па абодва бакі фронту.
“У той жа час немцы ў заходняй Беларусі дазвалаюць ствараць беларускія школы, выдаюць пашпарты з беларускамоўнымі старонкамі. У гэты час узнікла беларуская настаўніцкая семінарыя ў Свіслачы, абуджаецца беларускі рух. Разам з тым, ва ўсходняй Беларусі, дзе аб’яўлена ваеннае становішча, усялякая грамадская актыўнасць забараняецца, апрача Камітэту дапамогі пацярпелым ад вайны”, — расказвае супрацоўнік Інстытута гісторыі.
Сітуацыя змянілася ў лютым 1917 года, калі ў Расіі адбылася дэмакратычная рэвалюцыя. Мікалай ІІ адрокся ад улады, Расійская імперыя перастала існаваць, краінай пачаў кіраваць часовы ўрад. Яго ўлада распаўсюджвалася на тэрыторыю ўсходняй Беларусі.
Беларускія эліты разлічвалі атрымаць аўтаномію у складзе новай Расіі, але часовы ўрад не спяшаўся яе даваць. У цэлым, як ліцычь гісторык, імперская палітыка часовага ўраду ў нацыянальным пытанні стала адной з галоўных прычынаў яго краху. Гэты дэмакратычны ўрад так і не здолеў выпрацаваць механізм жыцця розных нацый у адной дзяржаве.
У кастрычніку 1917 года да ўлады ў Расіі прыйшлі бальшавікі. У гэты час у заходняй Беларусі дагэтуль панавала Германская імперыя, але потым развалілася і яна.
“Імперыі, якія дзялілі Рэч Паспалітую, распаліся ў выніку Першай сусветнай вайны. І дзякуючы гэтаму распаду ўтварыліся незалежныя дзяржавы, у тым ліку і Беларусь”, — адзначае Андрэй Унучак.
Як вядома, 25 сакавіка 1918 года была абвешчана Беларуская Народная Рэспубліка, а 1 студзеня 1919 года лічыцца днем абвяшчэння Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі.
Обсудим?