Сяргей Дубавец. СВАБОДА. Ой бярозы ды сосны…
Мы загаварылі, і да мяне раптам дайшло: менскія падлеткі не разумеюць па-беларуску...
Сяргей Дубавец. Пісьменнік, журналіст, выдавец. Нарадзіўся ў 1959 годзе ў Мазыры. Пісаў усё жыццё, шмат і ва ўсіх жанрах, пераважна — у палемічным. Выдаў некалькі кніг эсэістыкі і прозы. Асноўная тэма творчасці — шуканне ўласнае тоеснасці беларуса ў сваёй краіне і ў свеце, у гісторыі і ў космасе. Быў рэдактарам газет «Свабода» (1990) і «Наша Ніва» (1991). З 1997 мае на Радыё Свабода аўтарскую перадачу «Вострая Брама». |
З гэтай зьявай я сутыкнуўся ўпершыню ў жыцьці. Мы загаварылі, і да мяне раптам дайшло: менскія падлеткі не разумеюць па-беларуску.
Такога не было ані ў 1960-70-я, калі жыла яшчэ традыцыйная вёска, ані ў 1980-90-я, калі мова стала сьцягам нацыянальнага адраджэньня й дэмакратыі ў гарадах. Пасьля ўсё кудысьці прапала. Цяпер – ні вёскі, ні адраджэньня. І гэтыя вось падлеткі, не якія-небудзь недавучкі, а самыя што ні ёсьць людзі культуры й мастацтва, перапытваюць, не разумеюць беларускіх словаў. Гэта значыць, жывуць так, нібы й ня Менск навокал, а Кастрама ці яшчэ якая расейская правінцыя, дзе ніякае “іншае” слова проста не далятае да вуха.
Абаронцы гэтага працэсу часта ківаюць, напрыклад, на Канаду. Маўляў, і там дзьвюхмоўе... Але ж ад таго, што ў Канадзе пераможа адна з моваў, другая, пераможаная, ня зьнікне з жывога маўленьня ў іншых, перадусім мэтрапольных краінах: ангельская ў Англіі, француская ў Францыі. У нас іншы выпадак. Беларусь і ёсьць мэтраполія для беларускай мовы. Зьнікне яна тут – зьнікне ўвогуле.
Але не сьпяшайцеся па ёй гараваць. Для самой мовы ў гэтай сытуацыі ніякай катастрофы няма. Яна як каштоўнасьць нікуды ня дзенецца. Ніхто не гаворыць на лаціне, але ад гэтага лаціна не прапала, ня зьнікла. Катастрофа адбываецца з намі. Унікальная мова робіць унікальнымі нас саміх. Яна нас з натоўпу ператварае ў народ, ня горшы за іншыя і цікавы іншым. Яна Менск ператварае ў сталіцу нацыі й самабытнай культуры. І наадварот. Безь яе што Менск, што Кастрама, што яшчэ дзевяноста суб’ектаў фэдэрацыі, — правінцыя.
Гаворка зусім не пра злобных нацыяналістаў. Паспрабуйце французам у Парыжы прапанаваць “другую дзяржаўную мову” – будзе вайна. І што французы ад гэтага – злобныя нацыяналісты? Ці палякі, ці літоўцы… Яны ведаюць, што іх мова – гэта іх чалавечая ўнікальнасьць.
Ясна, што нічога новага я не сказаў. У нас гэта ад Багушэвіча паўтараецца: “Не пакідайце ж мовы нашай беларускай, каб ня ўмёрлі” (1891). Быццам пра мову гаворка, а насамрэч – пра людзей. Або ў Ігната Канчэўскага (1921): “Яны ня ўцямілі, што разам зь беларушчынай мы трацім і лепшую частку чалавечнасьці”…
Рэч не ў палітычных рэзонах, каму што выгадна і г.д. Рэч у захаваньні нашае чалавечае прыроды, безь якой мы асуджаныя як народ. Нездарма Купала, маючы на ўвазе беларускую мову, пісаў: каму трэба, каб заставалася дрэва ці кветка толькі аднаго гатунку? Мовы – як дрэвы: вось бяроза, а вось сасна. І ніякай палітыкай не патлумачыш, што трэба толькі бярозы, а сосны – прэч.
Але на справе выходзіць, што такая ў нас цяпер палітыка: сосны – прэч. На прыватным узроўні супрацьстаяць гэтаму амаль немагчыма. Чым я мог пераканаць тых менскіх падлеткаў, якія не разумеюць па-беларуску? Чым выклікаць іхную цікавасьць, зьвярнуць увагу? Кніжкамі? Дык гэта сям’я мусіць даваць і школа. Не даюць.
Я распавёў ім пра лацінку. Пра беларускую мову лацінскім шрыфтам. У нас у кірыліцы некалькі варыянтаў напісаньня, а лацінскі правапіс распрацаваны дасканала і адназначна. І вось мы бярэм адну фразу і пішам яе кірыліцай і лацінкай. Зразумела, што падлеткі, якія вучацца на мастакоў, сходу выбіраюць лацінку. Гэта гарманічны шрыфт. У кірыліцы ўсе літары глядзяць у розныя бакі, а ў лацінкі – строга ўлева. У выніку тэкст атрымліваецца прыгажэйшы.
Словам, так мы й паразумеліся. І я падумаў, што калі б дзяржава вырашыла хоць крыху папулярызаваць вяртаньне моладзі да роднага слова, найлепшага спосабу, чым пераход на лацінскі шрыфт, не прыдумаеш. Лацінка гарманічная, дасканала прыстасаваная да беларушчыны, павернутая да эўрапейскіх традыцыяў і каштоўнасьцяў. І ня трэба думаць, што пераход на лацінку пазбавіў бы нас ад тых кніг, што былі па-беларуску напісаныя кірыліцай. Нішто нікуды ня дзенецца. Але трэба прызнаць, што менавіта ў кірылічнай традыцыі адносіны народа з мовай не складаюцца, буксуюць і рвуцца. Што менавіта ў сёньняшні заняпадны час такі пераход можна было б зрабіць безбалесна. Менавіта ў кірылічным правапісе існуе разлад – здаўна і, мабыць, ужо назаўжды. А нашто нам разлад, калі мы клапоцімся не пра мову, а пра саміх сябе?
Меркаванні калумністаў могуць не супадаць з меркаваннем рэдакцыі. Запрашаем чытачоў абмяркоўваць артыкулы на форуме, прапаноўваць для ўдзелу ў праекце новых аўтараў або ўласныя матэрыялы. |
Обсудим?