Рыгор Кастусёў. МЕРКАВАННЕ. Народныя грошы зноўку на вецер?

Неэфектыўна ўкладзеныя сродкі ў сферы камунальнай гаспадаркі прывялі да павышэння сабекошту цеплаэнэргіі на многіх аб’ектах ЖКГ...

 

Рыгор Кастусёў. Намеснік старшыні Партыі БНФ, экс-кандыдат на пасаду прэзідэнта Рэспублікі Беларусь на выбарах-2010. Нарадзіўся ў 1957 годзе ў вёсцы Цяхцін Бялыніцкага раёна. У 1982 годзе скончыў Беларускую сельскагаспадарчую акадэмію па спэцыяльнасці інжынер-механік. Служыў у Савецкай арміі, працаваў галоўным інжынерам, дырэктарам саўгаса, дырэктарам Шклоўскага раённага аб'яднання жыллёва-камунальнай гаспадаркі. У 2001 годзе вымушаны быў сысці з пасады пад ціскам уладаў з-за працы ў камандах кандыдатаў ад дэмакратычных сілаў. Быў дырэктарам сумеснага беларуска-ўкраінскага прадпрыемства. Тройчы абіраўся дэпутатам мясцовых саветаў. Аўтар праграмы развіцця і рэфармавання жыллёва-камунальнай гаспадаркі Рэспублікі Беларусь на 2010-2015 гады, прапанаванай Партыяй БНФ.

13 мая 2011 года, пры наведванні ў Бешанковічах НВП «Белкатламаш», А. Лукашэнка выказаўся аб неабходнасці стварэння ў краіне эфектыўнай сістэмы выкарыстання аб'ектаў малой энэргетыкі, арыентаваных на мясцовыя віды паліва.

Прэзідэнту былі прадэманстраваныя мадыфікацыі катлоў, працуючыя на мясцовых відах паліва, а таксама новы кацёл, які дазваляе выпрацоўваць цеплавую і электрычную энэргію з дравяных адыходаў і фрэзернага торфу.

«Образец нового котла есть, а системы перехода на местные виды топлива нет, — сказаў Аляксандр Лукашэнка. — Надо создать такую систему, научить людей работать. А то получается: котел хороший, все подвели, провели, а на подходе к нему — каменный век».

Што тычыцца развіцця энэргетыкі ў Віцебскай вобласці ў цэлым, то аб гэтым Прэзідэнту расказаў старшыня Віцебскага аблвыканкама А.Касінец. Ён паведаміў, што вобласць да 2013 г. плануе павялічыць долю мясцовых відаў паліва ў балансе прадпрыемстваў ЖКГ з цяперашніх 59,8% да 75%. «Первоначально мы планировали выйти на этот показатель к 2015 году, но сейчас ставим амбициозную задачу — выйти на долю местных видов топлива в балансе предприятий ЖКХ до 75% к 2013 году», — расказаў А.Касінец.

«Мы разрабатываем котлы, которые работают на местных видах топлива, — паведаміў дырэктар «Белкатламаша» Віктар Краўчанка. — Причем их эффективность намного выше, чем газовых».

Але ж пытанні па дадзеных праблемах уздымаліся на розных узроўнях ужо не адзін раз.

Яшчэ ў снежні 2009 года Урад Беларусі ўстанавіў рэспубліканскім органам дзяржкіравання, аблвыканкамам і Мінскаму гарвыканкаму заданні па долі мясцовых паліўна-энергетычных рэсурсаў у балансе кацельна-пячнога паліва на 2009-2012 гады. Адпаведнае рашэнне змяшчаецца ў пастанове Савета міністраў № 1593.

Дадзенай пастановай прадугледжваецца паэтапны рост долі мясцовых відаў паліва (МВП) у балансе кацельна-пячнога паліва ва ўсіх галінах вытворчасці. Выкананне гэтых заданняў, згодна пастановы, павінна павялічыць к 2012 году долю выкарыстання МВП да 25%.

Для Міністэрства жыллёва-камунальнай гаспадаркі ўстаноўлена заданне павелічэння долі МВП з 31,7% у 2009 годзе да 50% у 2012-м.

Пастановай 1593 скасавана дзеючая да той пары праграма па выкарыстанню МВП. Да 7 снежня 2009 года ў краіне існавала «Мэтавая праграма забяспячэння ў рэспубліцы не менш 25% аб’ёма вытворчасці электра- і цеплаэнэргіі за кошт выкарыстання мясцовых відаў паліва і альтэрнатыўных крыніц энэргіі на перыяд да 2012 года».

З мэтай выканання мерапрыемстваў па павышэнню энэргаэфектыўнасці і павышэнню энэргабяспекі краіны Рэспубліканскай праграмай мадэрнізацыі было прадугледжана на 2006-2010 гады фінансаванне ў памеры 5,2-5,8 млрд. долараў, у тым ліку 1,3-1,5 млрд. долараў — на 2009 год.

Узнікае пытанне: чаму раптам Урад краіны прымае новую пастанову, скасаваўшы раней прынятыя праграмныя дакументы, запланаваныя мерапрыемствы, выкананне якіх прадугледжвала павышэнне эфектыўнасці выкарыстання і паніжэнне сабекошту энэргіі?

А прычына тут, у першую чаргу, у тым, што, нягледзечы на агромністыя сродкі, затрачаныя з 2006 па 2009 гады, дадзеныя праграмы, у выніку, аказаліся проста праваленыя.

Неэфектыўна ўкладзеныя сродкі ў сферы камунальнай гаспадаркі прывялі да павышэння сабекошту цеплаэнэргіі на многіх аб’ектах ЖКГ, што пацягнула за сабой і павелічэнне аплаты насельніцтвам расходаў за ацяпленне жылля.

Вось, напрыклад, як выглядае сабекошт рэалізаванай цеплавой энергіі па ўсіх кацельнях Шклоўскага УКП «Жылкамгас». За 2007 год сабекошт адной Гкал на прыродным газе па дадзеным прадпрыемства склаў 144 365 руб., а на дравяным паліве — 192 704 руб. За першы квартал 2008 года — на прыродным газе 152 586 руб., на дравяным паліве 179 078 руб. І гэта яшчэ пры тым, што вялікая частка затрат па нарыхтоўцы і транспарціроўцы дроў рознымі шляхамі адносіцца на іншыя камунальныя аб’екты. Падобная сітуацыя склалася на бальшыні прадпрыемстваў ЖКГ краіны.

Адной з прычын неэфектыўнасці выкарыстання мясцовых відаў паліва (МВП) з’яўляецца недасканаласць абсталявання, распрацаванага для гэтых мэтаў. Так, напрыклад, катлы КВР-0,5-95 з ручной загрузкай, вытворчасці навукова-вытворчага прадпрыемства «Белкатламаш» г. Бешанковічы па пашпартных дадзеных павінны мець каэфіцыент карыснага дзеяння (КПД) у памеры каля 87% (не меней 83%). Але, згодна з заключэннемкамісіі, якая праводзіла выпрабаванне катлоў дадзенай маркі з мэтай вызначэння фактычнай велічыні каэфіцыэнта карыснага дзеяння катлоў, працуючых на мясцовых відах паліва, у кацельных № 2 і № 3 Шклоўскага УКП «Жылкамгас» ад 20.05.2008 года, яго велічыня складала ад 43,1% да 49,4%. Выпрабаванні праводзіліся спецыялістамі Магілёўскага абласнога ўпраўлення па нагляду за рацыянальным выкарыстаннем цепла-энэргетычных рэсурсаў і упраўлення ЖКГ Магілёўскага аблвыканкама ў прысутнасці кіраўніцтва Шклоўскага УКП «Жылкамгас».

Дадзенае абсталяванне па сваёй эфектыўнасці наблізілася да паравозаў, выпускаемых яшчэ на пачатку 20-га стагоддзя!

На пачатку 2000-х гадоў НВП «Белкатламаш» у межах Рэспубліканскай праграмы па энэргазберажэнню з дзяржаўнага бюджэту атрымала мільёны долараў на канструяванне і наладжванне вытворчасці катлоў дадзенай серыі. У выніку фінансавыя сродкі былі выкарыстаны неэфектыўна, аб чым сведчаць вышэй прыведзеныя лічбы. За 2004 — 2009 гады на прадпрыемствы ЖКГ краіны былі пастаўлены сотні катлоў тыпа КВР-0,5-95.

Усё гэта ў выніку легла на плечы жыхароў нашай краіны ў выглядзе неаднакратнага падвышэння за гэтыя гады коштаў па аплаце за ацяпленне кватэр.

Чамусьці пастараліся застацца ў баку і не адрэагаваць на падобнае разбазарванне фінансавых сродкаў кантралюючыя і праваахоўныя органы рэспублікі, нягледзечы на паступіўшыя ў іх бок на гэтую тэму дакументы. У маі 2008 года дадзеная інфармацыя была даведзена Камітэту Дзяржкантролю па Магілёўскай вобласці (азнаёмлены першы намеснік старшыні Камітэту Тарасаў А.С.). У маі 2009 года — ва упраўленне КДБ па Магілёўскай вобласці (начальнік упраўлення Маслакоў В.А). У кастрычніку 2009 года — у Генеральную пракуратуру РБ (Генеральны пракурор Васілевіч Р.А.).

Не лепшым чынам выглядае сітуацыя па выкананню падобных праграм і ў вялікай энергетыцы.

Занепакоенасць станам энэргазберажэння і нізкай вагой мясцовых відаў паліва ў агульным паліўна-энэргетычным балансе краіны выказваў і А.Лукашэнка ў час працоўнай паездкі ў Віцебскую вобласць яшчэ 23 студзеня 2010 года. У той час ён адзначаў, што Ураду неабходна рупліва заняцца пытаннем па больш рацыянальнаму выкарыстанню бюджэтных сродкаў. Пазіцыю рацыянальнага ўласніка павінны займаць усе — ад губернатараў да кіраўнікоў прадпрыемстваў, асабліва ў рэгіёнах.

І што змянілася за гэты час? Як бачым з размоў А.Лукашэнкі з чыноўнікамі рознага рангу ў час працоўнай паездкі па Віцебскай вобласці, — нічога...

Хацелася б спадзявацца, што да 2012 году Урад краіны прыкладзе ўсе намаганні і выканае сваю пастанову № 1593. А гэта, у сваю чаргу, прывядзе да паніжэння сабекошту электра- і цеплаэнэргіі і як вынік — да памяншэння іх коштаў для насельніцтва.

Але, можа быць, перш чым прыступіць да выканання сваёй чарговай Пастановы, Ураду краіны спачатку неабходна было б разабрацца, чаму не выкананы ранейшыя праграмы? І куды ўсё ж такі падзеліся запланаваныя і выдзеленыя для іх выканання фінансавыя сродкі?

Меркаванні калумністаў могуць не супадаць з меркаваннем рэдакцыі. Запрашаем чытачоў абмяркоўваць артыкулы на форуме, прапаноўваць для ўдзелу ў праекце новых аўтараў або ўласныя матэрыялы.

  • сколько надо сжечь соломы для замещения тысячи кубометров газа или тонны угля? и во сколько обойдётся это количество соломы , если считать её стоимость по факту, а не с перекосами вопросы философские посмотрите на ЕС - кто там это делает, и за счёт кого это дотируется
  • firemoney.ru - научись зарабатывать в интернете без вложений! http://www.wmmail.ru/index.php?cf=reg-newr&ref=granit1502 - зарегистрируйся и начни зарабатывать прямо сейчас!