Аляксей Дзермант. ЭТНАСФЕРА. Беларусь — краіна-Спарыш

Нядаўна на вочы трапіў здымак з беларускай сімволікай, якую землякі-пілігрымы занеслі ажно ў Тыбет...

 

Нядаўна на вочы трапіў здымак з беларускай сімволікай, якую землякі-пілігрымы занеслі ажно ў Тыбет. Гэта сімволіка “Белага Легіёну” — арганізацыі, што колісь вельмі актыўна ўдзельнічала ў вулічных акцыях пратэсту супраць палітыкі ўладаў. Цікава тое, што асноўны элемент гэтай сімволікі — знак “спарыш”, прысутны таксама і на афіцыйным дзяржаўным сцягу Рэспублікі Беларусь.

Символ

Зрэшты, гэтую парнасць, падвоенасць можна заўважыць не толькі ў сімволіцы. Балцкі і славянскі складнікі ў этнагенэзе беларусаў, паганскі і хрысціянскі сінкрэтызм, канфесійны падзел на праваслаўных і каталікоў, беларуска- и рускамоўных, прыхільнікаў ліцьвінізма і западнарусізма, Менск і Минск ды г.д. Вядома, гэтых складнікаў ідэнтычнасці і культуры нашмат больш, але ўвесь час выразна можна назіраць нейкія два элементы, два пачаткі, два падставовыя прынцыпы. 

СпарышНават у палітыцы. Мабыць, шмат хто ўжо паглядзеў адно з апошніх відэаінтэрвію Зянона Пазьняка, дзе ён шчыра сказаў усё, што думаў пра існую ў Беларусі апазіцыю, крывадушную палітыку заходніх краінаў, праўдзівую дэмакратыю і нацыянальныя каштоўнасці. Але мала хто звярнуў увагу, што словы Зянона Пазьняка — бацькі беларускай незалежнасці, супадаюць са словамі Аляксандра Лукашэнкі — бацькі беларускай дзяржаўнасці. Так, два палітычныя канкурэнты, антаганісты, ледзь не ворагі кажуць амаль адно і тое самае. Прэзідэнт прамаўляе несмяротнае: “Лучше быть диктатором, чем голубым”, лідэр Фронту дадае: “У дэмакратычнай Беларусі будзе прыняты закон аб злачынстве супраць прыроды чалавека”. На абодвух адразу абрынаецца ліберальная грамадскасць, якая жыве з абароны правоў усемагчымых меншасцяў і якую бязмежна палохае постаць Бацькі, бо ў ліберальнай утопіі гэткага панятку не прадугледжана.

Прадбачу крытыку майго параўнання асобаў двух найбольш харызматычных лідэраў Беларусі, заўвагі пра іх адрознае паходжанне, светагляд і перакананні. Усё так, але сама наяўнасць двух лідараў не ёсць выпадковай, а хутчэй архетыпічнай. Два цары ў антычнай Спарце, Ромул і Рэм як заснавальнікі Рыму, Брутэн і Відэвут у прусаў, Гедымін і Ліздзейка, Альгерд і Кейстут, Вітаўт і Ягайла ў Вялікім Княстве Літоўскім і нават сучасны расійскі “тандэм”. Не заўжды дыярхія была трывалай, часта адзін з кіраўнікоў імкнуўся да манапольнага кіравання, узнікаў канфлікт і змаганне за ўладу. Аднак і манаполія на ўладу не можа цягнуцца доўга, бо за пераможаным канкурэнтам заўжды ёсць сацыяльная сіла, якая будзе чакаць рэваншу. Таму найбольш паспяховыя грамадствы дыярхію захоўвалі, каб ураўнаважыць грамадскія інтарэсы.

У сучаснай “манархічнай” Беларусі дыярхія палітычных інстытуцый немагчымая, дзяржава не трывае канкурэнцыі. Але гэта не значыць, што ў грамадстве знікла палярызацыя, больш таго, яна непрыкметна павялічваецца і пашыраецца. Пасіянарная меншасць, чыёй энергіі няма выйсця, хоча дынамікі, зрухаў, поступу, развіцця — хтосьці з альтэрнатыўнай сімволікай штурмуе горы Тыбету, а хтосьці — дзверы Дома ўраду.

Ці магчыма знайсці супольны грунт, сімвалічна аб’яднаць прыхільнікаў розных “спарышоў”? Першым, эмацыйным адказам будзе адназначнае не. Тады варта задумацца, што ўсё ж такі можа быць супольнага? Моцная дзяржава, росквіт краіны, незалежнасць ад дыктату з Захаду і Усходу — так. Здаровае грамадства, нармальная сям’я — парны звяз мужчыны і жанчыны, традыцыйныя каштоўнасці — так. Ужо нямала. Асабліва ў цяперашнім свеце, дзе ўсё гэта руйнуецца і ўважаецца “несучасным”.

СпарышНавязанай “сучаснасці” ёсць адэкватны адказ — вечнасць. Вечнасць, заснаваная на пазачасавых прынцыпах, якія ўвасабляліся ў спрадвечных міфах. І тут зноў можна згадаць Спарыша — міфалагічнага апекуна хатняй гаспадаркі ды сям’і і арнаментальны знак, які сімвалізаваў спор, поспех і дабрабыт. Вобраз Спарыша вяртае нас да ідэі таго, што любая падвоенасць, палярызацыя павінна пераўвасабляцца ў якасным пераходзе, крэацыйным руху, новым нараджэнні з сінтэзу. Пакуль гэта здаецца немагчымым, але сама Беларусь — гэта краіна-Спарыш, якая ўжо неаднойчы спараджала новае з таго, што раней лічылася неспалучальным.

Аляксей Дзермант

Аляксей Дзермант. Філосаф, этнакультуролаг. Нарадзіўся ў 1979 годзе. Скончыў Акадэмію кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь, аспірантуру Інстытута філасофіі НАН Беларусі, выкладаў гісторыю палітычных ідэй Беларусі ў ЕГУ. Сфера навуковых зацікаўленняў — беларуская і балцкая міфалогія, праблемы этнагенезу беларусаў, палітычная і этнічная гісторыя Беларусі, філасофія традыцыяналізму. Аўтар больш як 40 публікацый у навуковых і навукова-папулярных выданнях Беларусі, Літвы, Польшчы, Расіі.

Меркаванні калумністаў могуць не супадаць з меркаваннем рэдакцыі. Запрашаем чытачоў абмяркоўваць артыкулы на форуме, прапаноўваць для ўдзелу ў праекце новых аўтараў або ўласныя матэрыялы.