Рыгор Кастусёў. ЛІНІЯ ФРОНТУ. Як у Беларусі адбываецца прыхаваная прыватызацыя зямлі
Усе гады існавання савецкая ўлада імкліва выбівала з селяніна пачуццё ўласніка, гаспадара свайго жыцця. Тыя ж, хто ўсяляк упарціўся, супраціўляўся гэтаму, пераводзіўся ў разрад “ворагаў народу”...
Рыгор Кастусёў. Намеснік старшыні Партыі БНФ, экс-кандыдат на пасаду прэзідэнта Рэспублікі Беларусь на выбарах-2010. Нарадзіўся ў 1957 годзе ў вёсцы Цяхцін Бялыніцкага раёна. У 1982 годзе скончыў Беларускую сельскагаспадарчую акадэмію па спэцыяльнасці інжынер-механік. Служыў у Савецкай арміі, працаваў галоўным інжынерам, дырэктарам саўгаса, дырэктарам Шклоўскага раённага аб'яднання жыллёва-камунальнай гаспадаркі. У 2001 годзе вымушаны быў сысці з пасады пад ціскам уладаў з-за працы ў камандах кандыдатаў ад дэмакратычных сілаў. Быў дырэктарам сумеснага беларуска-ўкраінскага прадпрыемства. Тройчы абіраўся дэпутатам мясцовых саветаў. Аўтар праграмы развіцця і рэфармавання жыллёва-камунальнай гаспадаркі Рэспублікі Беларусь на 2010-2015 гады, прапанаванай Партыяй БНФ. |
Усе гады існавання савецкая ўлада імкліва выбівала з селяніна пачуццё ўласніка, гаспадара свайго жыцця. Тыя ж, хто ўсяляк упарціўся, супраціўляўся гэтаму, пераводзіўся ў разрад “ворагаў народу”. А “ворагі” проста знішчаліся як клас… За час жыцця ў калгасах у сялян рэпрасавалася пачуццё ўласніка, яны набылі страх перад адказнасцю.
Падобная тэндэнцыя захавалася ў сучаснай Беларусі, але ў больш прыхаванай форме. Такі стан сярод сялянства замацоўваецца беларускімі чыноўнікамі праз мытарствы фермераў, праз навязванне думкі, што зямля беларускаму сялянству як прыватная ўласнасць непатрэбна. Такім чынам, рэпрэсуючы базавы ўласніцкі інстынкт беларускага сялянства, вышэйшае чынавенства краіны імкнецца дасягнуць адной мэты — здзейсніць у бліжэйшай перспетыве міжкланавую прыватызацыю зямлі…
Як гэта ўсё адбываецца? Ды вельмі проста…
Апошняе дзесяцігоддзе ў нашай краіне пад выглядам рэфармавання сельскай гаспадаркі інтэнсіўна ідуць працэсы зліцця двух-трох суседніх гаспадарак у адну і перавод новаствораных гаспадарак у гападаркі з новай формай ўласнасці. Былыя калгасы, саўгасы ператвараюцца ў ААТ (адкрытыя акцыянерныя таварыствы), ЗАТ (закрытыя акцыянерныя таварыствы), сельскагаспадарчыя кааператывы. Надалей яны перадаюцца ў распараджэнне або ўласнасць новым гаспадарам.
Разгледзім гэты працэс на прыкладзе былога калгаса імя Фрунзэ Шклоўскага раёна, землі якога размяшчаюцца ўздоўж аўтадарогі С.Пецярбург — Адэса.
Гаспадарка была створана ў далёкім 1929 годзе і заўсёды па выніках дзейнасці з’яўлялася адной з найлепшых у раёне. У 2002 годзе да яе быў далучаны суседні калгас “Запаветы Леніна”. У 2003 годзе калгас быў пераўтвораны ў ЗАТ “Любініцкае”.
Агульная плошча гаспадарі склала 5602 га, з іх 5243 га — сельскагаспадарчыя ўгоддзі, у тым ліку ворыва — 4232 га. Агульная колькасць працуючых у гаспадарцы — 224 чалавекі.
У 2005 годзе пад выглядам “благовидного поступка” — з мэтай выратавання былога калгаса і дапамогі былым калгаснікам, акцыі сельскагаспадарчага прадпрыемства ЗАТ “Любініцкае” набыло ААТ “Амкадор” — буйнейшае на тэрыторыі СНД прадпрыемства па вытворчасці дарожнай і камунальнай тэхнікі. З гэтае пары сельгаспрадпрыемства стала называцца ЗАТ “Амкадор — Шклоў”.
Такім чынам, у выніку калгаснікаў былога к-са імя Фрунзэ пазбавілі іх калектыўнай уласнасці на калгасную зямлю, пазбавілі маёмасці — тэхнікі, пагалоўя буйной рагатай жывёлы, свіней, вытворчых памяшканняў і т.д. Зроблена ўсё гэта было такім жа чынам (хоць гэта зараз выглядае і прыгажэй), як калісці гэта рабілі з іх дзядамі і прадзедамі ў далёкім 1929 г., заганяючы іх у калгас і пазбаўляючы прыватнай уласнасці.
Канчатковая ідэя ўсіх гэтых пераўтварэнняў, атрымаўшая па задумцы камбінатараў лагічнае завяршэнне, стала зразумелая толькі амаль праз восем год — 25 сакавіка 2013 года, калі на Беларускай валютна-фондавай біржы адбылася здзелка па продажы акцый ААТ “Амкадор”. У выніку ўладальнікам 562 457 акцый “Амкадора”, што складае 53,64% статутнага фонду, стала наваполацкая кампанія ТАА “Інтэрсервіс”, гаспадаром якой з’яўляецца Мікалай Варабей.
Такім чынам, набыўшы кантрольны пакет акцый ААТ “Амкадор”, М.Варабей стаў яшчэ аўтаматычна і латыфундыстам — уладальнікам вялікага сельскагаспадарчага прадпрыемства з тысячамі гектараў зямлі.
І гэта не адзіная здзелка па прыватызацыі сельгаспрадпрыемстваў у Беларусі. Прыхаваныя працэсы прыватызацыі зямлі ў нашай краіне ідуць поўным ходам, дзе, нярэдка бывае, сапраўднага гаспадара вылічыць вельмі складана. Пры гэтым беларускае чынавенства імкнецца пераканаць усіх нас, што зямля ў прыватную ўласнасць у Беларусі нікому не патрэбная.
Меркаванні калумністаў могуць не супадаць з меркаваннем рэдакцыі. |
Обсудим?