Глеб Лабадзенка. БЕЛАРУСЬ. Міністэрства зьнішчэньня культуры
Ліквідацыяй музэя Багдановіча экс-рэктар кулька зрабіўся баронам Мюнхгаўзэнам. Толькі той выцягваў сябе за валасы з багны, а гэты апусціў сам сябе...
Тры гады таму амаль ніхто з маіх знаёмых не віншаваў адзін аднаго з Калядамі і Новым годам. Каляды і Новы год ніхто тады не адмяняў, проста віншаваць і зычыць нешта пасьля 19 сьнежня 2010 году было вусьцішна і недарэчна. Праз тры гады сьвяты, пэўна, вернуцца ў нашыя хаты. Але дзень 19 сьнежня застанецца ў гісторыі нароўні з датаю спаленьня Хатыні. Маштабы розныя, але сэнс адзіны: антыгуманны, нелагічны, дзікунскі ўчынак людзей са зброяй у руках і галовах.
Аднойчы, калі ўсё скончыцца, у гэты дзень школьнікаў старэйшых класаў будуць вадзіць на экскурсіі ў Музэй таталітарызму і аўтарытарызму на вуліцы Камсамольскай. Паказваць круглы будынак у двары, які пад тынкоўкаю хавае кроў Курапатаў, а нары якога памятаюць многіх сённяшніх фрэндаў з фэйсбуку.
Гэта — заўтра. А сёньня 19 сьнежня 2013 году. І ў дзікуноў, гэтым разам з “міністэрства культуры”, новая Плошча. Гэтым разам пад вытаптваньне патрапіў Максім Багдановіч. Музэй у Менску “разжалаваны” ў філію Літаратурнага музэю. Музей у Гародні — у філію краязнаўчага музэю.
Здаецца, дай волю камбайнёрам з мінкульта, яны зьмясьцілі б усю беларускую культуру ў адзін будынак. Дзе — сьветлай літасьцю — было б шмат філіяў: пакой № 1 — Купала, пакой № 2 — Колас, пакой № 3 — Багдановіч, пакой № 4 — усе астатнія. Гэты будынак (як і цяперашні Багдановіча) натуральна, быў бы помнікам архітэктуры. Згодна з аграрэнесанснымі звычаямі быў бы подленька, ціхенька выведзены са Сьпісу помнікаў — і грохнуты пад будаўніцтва казіно. І не было б праблемаў.
Няма ніякага “міністэрства культуры”. Ня верце вачам сваім. Тое, чым займаецца так званы “мінкульт”, выклікае гэткую ж усьмешку, як фэстываль “за здаровы лад жыцьця”, арганізаваны фастфуд-рэстарацыяй. Структура з гэткаю назваю ўводзіць неабазнаных грамадзянаў у зман: раз ёсьць цэлае міністэрства, значыць недзе ёсьць і цэлая культура, якой яно займаецца. Тое самае — раз ёсьць “упраўленьне аховы помнікаў” — значыцца, помнікі ў надзейных рукох.
І першае, і другое — мана. Малому дзіцю ясна, што “мінкульт” ніякага дачыненьня да беларускай культуры — спрадвечнай і сучаснай — ня мае. Задача мінкульта — рабіць з культуры батлейку. Як гэта пасьпяхова зрабілі ў экспазыцыі двух нашых галоўных замкаў. Задача мінкульта — пільнаваць, каб на зачышчаную тэрыторыю з харошкавымі дэкарацыямі, крый Божа, не патрапіла праўдзівая беларуская культура.
Вы, пэўна, чулі, што да 80-годзьдзя Саюза беларускіх пісьменьнікаў у Нацыянальным гістарычным музэі адкрылася фотавыстава й выстава пісьменьніцкіх артэфактаў. Во недаглядзелі! Во нехта па шапцы атрымаў! Але шызафрэнія традыцыйна перамагла: асадку Барадуліна і нататнікі Гілевіча сьпешна выкінулі на двор. Ня месца такому ў нацыянальным, дзяржаўным музэі! Дык ці нацыянальны музэй, які датэрмінова выкідае з выставы рэчы двух народных паэтаў?..
Я не сачу за рухамі “мінкульта”. За іхнымі мерапрыемствамі, дажынкамі-пружынкамі, славянскімі базарамі... Не чытаю дзяржаўных літаратурных газэт і часопісаў. Не пайду на вечарыну іх супрацоўнікаў. Не набуду іхных кніг.
Бо ўсё гэта — падман, бачнасьць рабленьня справы. Усё адно, што па восені прымацаваць лісточкі стэплерам да галінак, каб глядзець на дрэвы — і цешыцца, што восень так доўга цягнецца.
Спачатку яны цягалі помнік Багдановічу, як сабакі цягаюць скрадзеную са стала куру. Потым яны харкнулі ў нас іржаваю будкаю, назваўшы гэта “домам Багдановіча”. Цяпер зьнішчаюць музэі нацыянальнага генія, выцярушваючы іх пад лаву, апускаючы да філіяў і неабавязковых дадаткаў.
Раней, каб адэкватна ўспрымаць назву міністэрства культуры ды падобных фіктыўных кантор, дастаткова было ўзяць іх у двукосьсе. Напішаш сабе міністэрства “культуры” — і ўсё на сваіх месцах. Скажаш “упраўленьне па “ахове” помнікаў” — і ніякай хлусьні няма. Але час бяжыць наперад, і цяпер такіх паўмераў мала. Цяпер, каб слушна ацэньваць ролю гэтых утварэньняў, варта агучваць іх назвы іначай — дадаючы слова “зьнішчэньне”. “Міністэрства зьнішчэньня культуры”. “Упраўленьне па зьнішчэньню помнікаў”. Цікава гучыць? Праўдзіва?..
Што будзе заўтра ў гэтым дамочку ў Траецкім? Музэй генія Чаргінца? Ці музэй міністра Сьвятлова? Ці проста казіно?
Ліквідацыяй музэя Багдановіча экс-рэктар кулька зрабіўся баронам Мюнхгаўзэнам. Толькі той выцягваў сябе за валасы з багны, а гэты апусціў сам сябе за ногі ў вялікае гістарычнае дзярмо.
Обсудим?