Дома сумна. Падарожжа дваццаць першае. Дзям\'янкі. Развітанне
Ці шмат у нас вёсак з такой гісторыяй? Археолагі знайшлі тут паселішча XII-XIII стагоддзяў, тут была стаянка часоў неаліту, па пісьмовых крыніцах вёска вядомая...
|
Што такое жыццё? Гэта манітор камп'ютара? Гэта праца-канапа-сям'я-хоббі-ноч-праца-дзень-ноч-праца-пятніца-цыцкі-бухло? Ці ёсць жыццё за Мінскай кальцавой? А мы — ёсць? Хто мы, дзе мы, навошта мы? А дзе астатнія? І хто тыя астатнія, тыя дзевяць мільёнаў чатырыста шасцьдзесят пяць тысяч і яшчэ два чалавекі? Дзе яны пахаваліся? Мы ідзём шукаць! |
|
♦ Падарожжа першае. Івакі
♦ Падарожжа другое. Кольна
♦ Падарожжа трэцяе. Жалезнікі
♦ Падарожжа чацвёртае. Дуравічы
♦ Падарожжа пятае. Неглюбка
♦ Падарожжа шостае. Зялёны Мох
♦ Падарожжа сёмае. Гарохаў (Чэхі)
♦ Падарожжа восьмае. Петрыкаў-Галубіца-Снядзін
♦ Падарожжа дзевятае. Губарэвічы
♦ Падарожжа дзесятае. Любоў і Верны
♦ Падарожжа адзінаццатае. Епіфань і Каралін
♦ Падарожжа дванаццатае. Вулкан
♦ Падарожжа трынаццатае (шчаслівае). Грушачка
♦ Падарожжа чатырнаццатае. На Веткаўшчыну, дзе стралу хаваюць
♦ Падарожжа пятнаццатае. Аціркі
♦ Падарожжа шаснаццатае. Юравічы
♦ Падарожжа сямнаццатае. Стрэнькі
♦ Падарожжа васемнаццатае. Міхалёўка-Новы год
♦ Падарожжа дзевятнаццатае. Тэльман
♦ Падарожжа дваццатае. Юрга — Рудня Стаўбунская
Дзям'янкі (Добрушскі раён). Ці шмат у нас вёсак з такой гісторыяй? Археолагі знайшлі тут паселішча XII-XIII стагоддзяў, тут была стаянка часоў неаліту, па пісьмовых крыніцах вёска вядомая з XVI стагоддзя. Уявіце: дзевяць стагоддзяў таму тут жылі людзі! І восем, і сем, і два стагоддзі таму. Жылі бы і зараз. Але ў канцы 80-х — пачатку 90-х мінулага ўжо трагічнага для нашага краю ХХ стагоддзя радыяцыя выгнала адсюль жыхароў прэч па беламу свету.
Зараз тут нават указальніка вёскі няма. За «чарнобыльскім» КПП — выдатны асфальт, які заслаў дарогу яшчэ ў 80-х. Далей — зона і Дзям'янкі.
Тут у ХІХ стагоддзі адбудаваў сабе велічны палац генерал-губернатар Фінляндыі Мікалай Герард. Нават па сённяшнім жахлівым стане палацу можна здагадвацца — якое багацце мы згубілі, губляем. Ды і ці ўваходзіць ў нашу сістэму каштоўнасцяў — людзей хуткасных на жыццё, меркаванні і патрэбы, занядбаны палац — напамін былой прыгажосці, змястоўнасці, грунтоўнасці жыцця?
Мікалай Герард быў міравым суддзём Пецярбурга, старэйшым старшынёй Варшаўскай судовай палаты, а з 1905 па 1908 год — генерал-губернатарам Фінляндыі. У канцы ХІХ стагоддзя ў Дзям'янках ён пабудаваў велічны палац. Вежу упрыгожвалі зубцы, а парк вакол сядзібы быў створаны на двух ярусах, злучаных лесвіцай. Да сённяшняга дня ў парку захаваліся незвычайныя дрэвы: чорная яліна, горкі каштан. Пасля рэвалюцыі ў палацы быў дзіцячы дом, потым — спецкшола, піянерскі лагер. А зараз — нічога.
Па легендзе, у гэтых мясцінах яшчэ задоўга да Герарда жылі кавалі — Дзям'ян і Кузьма, пра што сведчаць і назвы суседніх вёсак Дзям'янкі і Кузьмінічы. На гэтай зямлі археолагі знаходзілі шматлікія сведчанні таго, што мясціна была прыдатнай для жыцця людзей, пра што сведчаць археалагічныя знаходкі. Тут знайшлі даследчыкі старажытныя курганныя могілкі, з больш чым 150 курганамі. Даследчыкі кажуць, што гэта былі пахаванні радзімічаў. Тут быў адзіны на ўсёй тэрыторыі радзімічаў некропаль — горад нябожчыкаў. Радзімічы звозілі сюды для пахавання знакамітых асоб.
Зараз жа, у гэтыя жнівеньскія дні, тут праходзіць пахаванне вёскі Дзям'янкі. Мясцовыя жыхары трапілі пасля аварыі на ЧАЭС пад адсяленне. Пакінутыя ж дамы колькі гадоў чакалі сваёй чаргі, пакуль не дабраліся да іх экскаватары і бульдозеры спецыялізаванага прадпрыемства «Палессе».
І вось ужо амаль сто сядзіб прайшлі адваротны працэс нараджэння з цэглы і дрэва: паглынула іх зямля. Разявілі пашчы экскаватары, ссоўваюць-плюшчаць платы-хлявы-дамы бульдозеры. І вось ужо праз колькі гадоў тут будзе, хутчэй за ўсё, расці сасновы лес.
Але не будзем кідацца ў наіўную настальгію і шукаць вінаватых. Напэўна, ніхто б з нас не паехаў жыць зараз у Дзям'янкі, дзе радыяцыйны фон у шэсць разоў перавышае норму, дзе няма «інфраструктуры», а аўталаўка прыязджае два разы на тыдзень. Дзе з задавальненняў — толькі натуральныя: неверагоднай прыгажосці прырода, магічная цішыня, рака Іпуць, стары парк і разбураны палац Мікалая Герарда.
І ўсё ж у вёсцы жывуць людзі. На ўскрайку Дзям'янак стаіць хата Ганны Васільеўны Мельнікавай. Бабулька абазначыла шлях да сваёй хаты калкамі, убітымі ў зямлю, і пластыкавымі бутэлькамі на іх. Гэта такія арыенціры для сваякоў, якія яе наведваюць, ды і для самой сябе, калі зімой замятае ўсё наваколле, і ні дарог, ні людзей.
Ганна Васільеўна кажа, што ёй ужо столькі гадоў, што яна і сама не памятае, колькі. У Дзям'янках яна пражыла ўсё жыццё. Таму тут і засталася.
«Думала — вырастуць дзеці, ужо буду жыць для сябе. А не атрымалася неяк. То вайна, то беднасць пры Хрушчове, потым — Чарнобыль. Я бачу, як зараз закопваюць маю вёску — і проста плачу! Мне не сумна — мне балюча! У час вайны фашысты палілі нашу вёску, ды не спалілі, а зараз... Але я нікога не вінавачу. Людзі самі вінаватыя, што бягом адсюль беглі. Адна мая аднавяскоўка казала, так абрадавалася, што недзе там кватэру далі: «А чаго ж ён раней не выбухнуў, той Чарнобыль?». Я ёй кажу: а чаго ты раней не пераехала куды, хто табе не даваў?», — успамінае Ганна Васільеўна.
Яна не скардзіцца на сум. Напэўна, гэта толькі гарадскія жыхары маюць такую моду — стагнаць і скардзіцца, што сумна жыць. Напэўна, сярод тлуму і мітусні сапраўды сумна.
«Чаго мне сумна будзе? Прыёмнік, тэлевізар, сабака, дзевяць катоў, куры, гарод. Рыбакі на чаўнах прыязджаюць, сыны, пляменнікі мяне наведваюць. Я была ў іх там, у Мінску, прапаноўвалі пераехаць, ды што мне там рабіць? Буслы вунь насупраць хаты жывуць, і я буду жыць. Пакуль Бог дасць. Хочацца яшчэ пажыць!», — кажа пенсіянерка.
Ходзіць да Ганны Васільеўны ў госці яе адзіны аднавясковец — Мікалай Іванавіч Дарашэнка. У 60-х гадах ён прыехаў сюды з Украіны, працаваў механізатарам. А зараз падпрацоўвае вартаўніком на прадпрыемстве «Палессе» — па начах ахоўвае тэхніку, якая хавае яго вёску. Калі з вёскі ўсе беглі, Мікалай Іванавіч з жонкай вырашылі застацца. Жонка нядаўна памерла. Дзеці і ўнукі праведваюць пенсіянера.
«Усе, хто выехаў адсюль, ужо вярнуліся назад. Праўда, у саркафагах з дрэва. Мне неяк даўно параілі: хочаш жыць — сядзі ў вёсцы, нікуды не едзь. І вось жыву да гэтага часу. І грыбы збіраю, і рыбу лаўлю. А дзе тут радыяцыя? Вёску закапваюць. Але ім там, наверсе, лепш бачна. Людзям далі працу, і яны працуюць. А тое, што можна тут жыць ці нельга... Да нас неяк прыязджаў доктар радыялогіі з Ленінграду. Дык ён сказаў, на пытанне, ці можна тут жыць так: «Трэба!». Навошта, маўляў, павысялялі людзей? Вы ўсіх іх паслалі на пагібель! Адзінае, што не ведаем — як на маленькіх дзяцей будзе уплываць радыяцыя, а дарослыя маглі б да ста гадоў жыць. Шкада, што вёска памірае, шкада, што людзі адсюль збеглі. А якія мужыкі былі! І ўсе ўжо на могілках», — сумуе Мікалай Іванавіч.
Але ён упэўнены, што яшчэ будуць жыць тут людзі. «Такія месцы не застануцца без людзей. Гэта ўсе знясуць, а потым пабудуюць новы пасёлак, ды і будуць жыць. Пасеюць жыта. Тут некалі палеткі давалі па 60 цэнтнераў з гектара! І бульбы заўсёды была ў нас гара! Не памрэ вёска!», — рашуча гаворыць пенсіянер.
Обсудим?