Дома сумна. Падарожжа дваццаць другое. Івянецкае графства, Налібоцкая Пушча

Абследуем наваколлі Івянцу, гойсаем на роварах па Налібоцкай пушчы…


Што такое жыццё? Гэта манітор камп'ютара? Гэта праца-канапа-сям'я-хоббі-ноч-праца-дзень-ноч-праца-пятніца-цыцкі-бухло? Ці ёсць жыццё за Мінскай кальцавой? А мы — ёсць? Хто мы, дзе мы, навошта мы? А дзе астатнія? І хто тыя астатнія, тыя дзевяць мільёнаў чатырыста шасцьдзесят пяць тысяч і яшчэ два чалавекі? Дзе яны пахаваліся? Мы ідзём шукаць!


Падарожжа першае. Івакі
Падарожжа другое. Кольна
Падарожжа трэцяе. Жалезнікі
Падарожжа чацвёртае. Дуравічы
Падарожжа пятае. Неглюбка
Падарожжа шостае. Зялёны Мох
Падарожжа сёмае. Гарохаў (Чэхі)
Падарожжа восьмае. Петрыкаў-Галубіца-Снядзін
Падарожжа дзевятае. Губарэвічы
Падарожжа дзесятае. Любоў і Верны
Падарожжа адзінаццатае. Епіфань і Каралін
Падарожжа дванаццатае. Вулкан
Падарожжа трынаццатае (шчаслівае). Грушачка
Падарожжа чатырнаццатае. На Веткаўшчыну, дзе стралу хаваюць
Падарожжа пятнаццатае. Аціркі
Падарожжа шаснаццатае. Юравічы
Падарожжа сямнаццатае. Стрэнькі
Падарожжа васемнаццатае. Міхалёўка-Новы год
Падарожжа дзевятнаццатае. Тэльман
Падарожжа дваццатае. Юрга — Рудня Стаўбунская
Падарожжа двадцать першае. Дзям'янкі. Развітанне

Валацужныя гены зноў пагналі нас у дарогу. Гэтым разам мы абследуем наваколлі Івянцу, гойсаем на роварах па Налібоцкай пушчы. Па пакручастых асфальтавых дарогах, дзе рэдка сустрэнеш аўтамабіль, гравейцы і лясных сцежках, з узгорка на ўзгорак насіцца вельмі прыемна!

Вандроўка пачалася з Малой Люцынкі. 44 гады свайго плённага жыцця правёў тут наш славуты класік Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч. Ад яго фальварку нічога не засталося, акрамя падмурка і цэментных прыступак да сціплага помніка вядомага нашага паэта і драматурга.

Побач, паміж Люцынай і Гудамі, — парэшткі палацу Зэляў. Палац быў разбураны ў вайну. Ды і сёння, відаць, нікому да яго няма справы. Час няўмольны — не толькі да палацаў, але і да людзей, якія часцей аддаюць перавагу хвіліннай сённяшняй матэрыяльнай выгодзе, чым «сантыментам» ды захаванню спадчыны былых насельнікаў гэтых мясцін для будучых пакаленняў. Аб былой прыгажосці фальварка можна толькі здагадвацца. А аб будучай прыгажосці і марыць няма чаго.

 

Ад палацу Зэляў едзем у Баравікоўшчыну, праз Петрусоўшчыну. Шмат чаго змянілася тут за апошнія гады. Калі яшчэ гадоў 10-15 таму тут можна было пачуць толькі родную беларускую мову, зараз жа, калі пытаешся дарогу, то часцей табе адказваюць на мове суседняй краіны, якая «наша другая дзяржаўная». Вёскі паміраюць, так-сяк яшчэ рыпяць бабулі і дзядулі, дзеці ж з'язджаць у Мінск ці яшчэ куды далей, а хаты купляюць жыхары сталіцы на дачы.

У Петрусоўшчыне знайшлі сабе месца для жыцця прыхільнікі ідэі «Родовых поместий». Яны тут заснавалі экапаселішча «Росы» у 2003 годзе. «Анастасия», «Звенящие кедры России», «Родовые поместья»... І гэта — у Валожынскім раёне. Відаць, нездарма кажуць «святое месца пустым не бывае». Кінеш родную зямлю — азірнешся потым, а там ужо нейкае «родовое поместье»…

З намі адна жыхарка экапаселішча, маладая кабета, паводзіць сябе насцярожана. Маўляў, здымаць тут нельга, і чаго вы прыехалі... А для таго, каб паглядзець на экапаселішча, – ёсць адмысловыя «гасцявыя дні». Вось так і выходзіць, што мы робімся як госці на роднай зямлі. І прайсціся-праехаць тут трэба будзе дазвол у некага пытацца.

З мясцовых жа хыхароў Петрусоўшчыны засталі ў сваім двары Уладзіславу Абражэй.

Жвавая 68-гадовая жанчына рупіцца па гаспадарцы. Агарод, карова, куры, свінні і сабакі. Пра суседзяў з «Росаў» гаворыць дыпламатычна: «У іх свой вобраз жыцця». «Гэта не нашы людзі. Маладыя, з адукацыяй. Да касцёла яны не ходзяць. Мяса-сала не ядуць. Вырошчваюць экалагічную прадукцыю. Сажалкі выкапалі. Загартоўвацца там. Нешта сваё робяць. Благога нічога не скажу пра іх. Не п'юць, не крадуць, ціха жывуць, могуць і мне дапамагчы часам. Святло паглядзець у хаце, як нешта здарылася, хлеба прывезці з кармы. У іх не так, як у нас. Але жывыя людзі. Раней выйдзеш зімой — усюды цёмна. Зараз жа — там святло гарыць, там. Весялей, калі жывыя людзі вакол», — распавядае Уладзіслава Іосіфаўна.

Кажа, што тыя з паселішча хацелі нават вёску перайменаваць, — каб была ўжо не Петрусоўшчына, а Росы, ды мясцовыя не згадзіліся. Але ўказальнікі вуліцаў паставілі для сваіх сядзіб. «Цветочная», «Радужная» і так далей. На сайце «Росаў» пішацца, што паселішча мае магчымасць пашырыцца да 100 дамоў (пакуль тут 30). Мясцовыя гавораць, што збіраюцца жыхары паселішча ўсю зямлю тут выкупіць «аж да Падневічаў».

Між тым мы паехалі ў Баравікоўшчыну. Там на ўзлеску ёсць санктуарый пад адкрытым небам. У ліпені 1943 года фашысты забілі тут ксяндзоў-францішканцаў Ахілеса Пухалу і Германа Стэмпеня. Пакутнікі былі прылічаныя Папам Янам Паўлам Другім да благаславёных.

З Баравікоўшчыны едзем на Вялае. Наступствы чарнобыльскай катастрофы дасягнулі і гэтых месцаў, аб чым сведчаць трывожныя знакі ў Налібоцкай пушчы.

Вялае, цэнтр былога паляўнічага маёнтка графаў Тышкевічаў. Тут захаваліся парэшткі сядзібы Бенедыкта Тышкевіча. Ёсць меркаванне, што тут у яго была фоталабараторыя і архіў. Але зараз ад палаца і фоталабараторыі засталіся толькі парэшткі.

Граф Тышкевіч лічыцца піянерам фатаграфіі ў Літве і Беларусі. Ён быў асобай легендарнай. У Францыі ў 1875 годзе пабудаваў яхту, на якой даследаваў і здымаў экзатычныя краіны. Па Коўна граф катаўся на адзіным на ўвесь горад аўтамабілі. Быў першым тэнісістам у Літве і Беларусі — яму належаў першы на нашых землях корт. Амаль уся поўнач Налібоцкай Пушчы была ва ўладанні Тышкевічаў, з палацам у Валожыне, фальваркам у Пяршаях. Род праслаўлены ў нашай гісторыі не толькі багаццем, але і адукаванасцю: Тышкевічы — заснавальнікі навуковай археалогіі, мецэнаты, спартсмены, кулінары.

Побач з палацам Тышкевічаў – спадчына ўжо савецкага часу, былы санаторый «Лясное». Ён быў закінуты ў пачатку 90-х з-за радыяцыі, якая дабралася і сюды.

За былым санаторыем і былым палацам — таксама былы ўжо навясны мост праз Іслач. Зараз ён разбураны.

Гойсаем па Налібоцкай Пушчы. Ціха, бязлюдна, толькі птушкі лемантуюць, вырашаюць нейкія свае пытанні. Выбраліся на дарогу да Івенцу. Тут мы былі шмат разоў, таму ў гэты раз нас цікавіла вельмі вузкае, прагматычнае пытанне: дзе б гэта паесці? Аказалася, не так усё проста. Адна кавярня прапаноўвала ў асноўным піва і беляшы. Другая працавала па дзіўным раскладзе — з мноствам перапынкаў. І вядома, мы якраз у такі час і трапілі — з 15.00 да 19.00 кавярня не працуе. У трэцяй нам зноў жа прапанавалі беляшы-чабурэкі ды гамбургеры з піццай. Праўда, была больш-менш нармальная кава. Так што, улічваючы адсутнасць крам у тых вёсках, дзе мы былі, не варта падарожнікам спадзявацца на шчодры абед у Івянцы.

Івенец нельга апісваць у двух словах ці абзацах. Таму і не будзем гэта рабіць. Спынімся толькі на адным моманце. У дзяцінстве нам расказвалі такую легенду пра назву мястэчка. Маўляў, ехала нейкая пані па гэтых мясцінах. Загрузла яе брычка ў дрыгве, і тут з'явілася нейкая дзіўная жанчына-здань, якая абяцала выратаванне, калі пані заселіць гэтую мясцовасць людзьмі. Тут здань кінула «вянец» і прапанавала назваць месца гэтае Івянец… Я нават у школьным узросце не верыла ў гэтую дзіўную легенду. Хаця б таму, што і слова тут такое не ўжывалася «вянец», і да чаго тут яшчэ літара «І» перад тым «вянцом»? Ёсць версія, што назва Івянец паходзіць ад літоўскага слова gyventi (жыць), і называлася мястэчка раней Жывянец. Здаецца, гэта версія больш падобная на праўду.

Заехалі мы на колькі хвілін і ў суседнюю з Івенцам вёску Раднікі. Тут даведаліся, што школы, якая была раней у лесе, у былым панскім фальварку, даўно ўжо няма. Спачатку яе зачынілі, потым яна развальвалася. А потым наогул спалілі. Зараз жа нібыта ўчастак зямлі нехта набыў для будоўлі. Вось і ўсё.

Начуем у аграсядзібе «Марцінова гусь» (Малая Люцінка).

Гаспадар яе — доктар гістарычных навук Алесь Белы, аўтар шматлікіх публікацый, прысвечаных гісторыі традыцыйных беларускіх страў і прадуктаў, кніг «Наша страва», даследчык матэрыяльнай спадчыны. Шмат чаго з гісторыі гэтага краю мы даведаліся ад Алеся Белага.

Дарэчы, дарогі, па якіх мы дзень круцілі педалі, — частка маршруту «Валожынскія гасцінцы», распрацаванага ў асноўным уласнікамі мясцовых аграсядзібаў і валанцёрамі. Маршрут аб'яднаў таксама прадстаўнікоў улады, навукоўцаў, людзей творчых прафесій.

Асабіста мы не праехалі ўвесь маршрут, таму не ўбачылі на ўласныя вочы радзіму Фердынада Рушыца (Багданава), Шымона Перэса (Вішнева), помнік ахвярам Першай Сусветнай (Дзесятнікі), старажытныя касцёлы, смалакурню, парэшткі палацаў, Налібоцкую пушчу ва ўсёй яе прыгажосці. Але спадзяёмся, у нас і ў вас яшчэ ёсць час.


  • калі я бываю калі-нікалі у вандроўках, то калі бачу руіны прыгожых палацаў-маёнткаў-паркаў-касцёлаў-..., то успамінаю словы гімна бальшавіцкіх злачынцаў - "весь мір насілья мы разрушім, а затем".. Разбурыл, зруйнавалі, учынілі нечуваны гвалт ... і нічога не здолелі пабудаваць ( --------------------- памлак друку трохі ёсць: хлеба прывезці з кармы. - крамы птушкі лемантуюць - лямантуюць Івенец нельга- Івянец суседнюю з Івенцам - Івянцом